Літаратурнае падарожжа па Ленінскім

На мінулым тыдні аграгарадок Ленінскі шырока адзначыў Дзень аграгарадка. Для жыхароў і гасцей населенага пункта правялі свята “Край мой родны, непаўторны”.
Бібліятэкары Ленінскай і Ракітніцкай сельскіх бібліятэк Марыя Галаўчук і Надзея Давідзюк падрыхтавалі да яго “Літаратурны бульвар”.
Папулярнасцю ў гасцей свята карыстаўся кніжны фрымаркет. У вялікім чамадане сабралі кнігі з асабістых бібліятэк жыхароў аграгарадка, і кожны прахожы мог памяняць ці проста ўзяць любую.
Паглыбіцца ў дзівосны свет літаратуры гасцям свята дапамагла меладэкламацыя: дзеці і дарослыя пад класічную музыку чыталі вершы Сяргея Ясеніна, Роберта Раждзественскага, Бэлы Ахмадулінай і іншых вядомых аўтараў. Усе ахвотнікі маглі паўдзельнічаць у займальных віктарынах па гісторыі Жабінкаўскага раёна і аграгарадка Ленінскі. Госці з задавальненнем паўдзельнічалі ў “Літаратурным вуджэнні”: ігракі лавілі папяровых рыбак, у якіх хаваліся пытанні.
Таксама да свята бібліятэкар Ленінскай сельскай бібліятэкі аформіла кніжную выставу “Родны край – гасцінная зямля”.
Таццяна РАМАНАВА, бібліятэкар.