Летнікі пачалі працаваць. Як сёлета будуць адпачываць юныя жабінкаўцы?

Так, у лета ёсць цудоўная прыкмета. І завецца яна канікуламі — перыядам радасным для хлопчыкаў і дзяўчынак, калі вольнага часу багата і яго нечым патрэбна запоўніць. Вось пра гэта штогод і клапоцяцца дарослыя. Бягучы 2020-ы, вядома, мае свае асаблівасці, звязаныя з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй. І ўсё ж адпачынак з прыметнікам “карысны” ніхто не адмяняў. Якія захады робяцца ў раёне, каб школьнікам добра адпачывалася, сённяшні наш расповед.

Дзяржава падтрымала, каб змена стартавала

Першая летняя змена, як паведаміла загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Завяржэнец, распачалася тыдзень таму. Папярэднія вынікі ўжо можна падвесці.
Свае дзверы перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі адчынілі летнікі, арганізаваныя ў цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі ды шасці сярэдніх школах. Гэткім чынам навучэнцы першай і трэцяй гарадскіх, Ленінскай, Ракітніцкай і Старасельскай адзінаццацігодак, а таксама Маціевіцкай базавай школы, сталі наведвальнікамі дзённых аздараўляльных лагероў.
Зараз на Жабінкаўшчыне 122 дзіцяці ахоплены гэтай карыснай справай. З агульнай колькасці 111 — ва ўзросце ад шасці да дзесяці гадоў.
Каб адпачынак для малых быў якасным, дзяржава паклапацілася пра грашовыя сродкі. Агулам выдаткавана 10370 рублёў. “Гэта — датацыя, выдзеленая спецыяльна на аздараўленне юных жабінкаўцаў з рэспубліканскага бюджэту, — адзначыла эканаміст па працы цэнтра забеспячэння бюджэтных арганізацый райвыканкама Людміла Хлуд. — Акрамя таго, існуюць і бацькоўскія ўзносы за пуцёўкі, якія складаюць ўсяго каля 17 адсоткаў ад агульнага кошту, што, згадзіцеся, таксама добрая дапамога, асабліва для бацькоў, якія гадуюць некалькі дзяцей школьнага ўзросту”.
Дарэчы, выхаванцаў са шматдзетных сем’яў у летніках амаль кожны трэці. У пералічаных гарадскіх і Маціевіцкай базавай школах пад наглядам дарослых знаходзяцца таксама малыя з сем’яў, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы.
Час пазнаёміцца, як віруе жыццё ў навучальных установах, куды яшчэ нядаўна дзятва спяшалася па веды, а цяпер — на аздараўленне.

“Многа драйву, многа стылю — многа мегапазітыву!”

Гэта дэвіз толькі аднаго лагернага дня, альбо правільней “Бліскучага дзянька” ў Старасельскай школе. Тут распачалася змена летніка “Акварэлькі”, які ўзначальваюць Вольга Маеўская і Святлана Луцык.
За першы тыдзень дзеці паспелі не толькі падрыхтаваць свае візітоўкі і даведацца аб правілах жыцця “акварэлькаў” у лагеры, але й пабывалі на бенефісе герояў Шарля Перо, стварылі калаж “Мы так жадаем…” А яшчэ здолелі паўдзельнічаць у “Казачнай спартландыі” і лёгкаатлетычнай эстафеце “Хутчэй за вецер”, даведацца пра “Законы дарог” і разгарнуць “Чароўную кнігу МНС”, пабываць на віктарынах “Сімволіка”, “Мая Беларусь”, “Знаўцы бяспечных паводзінаў”. Маленькія старасельцы нават вырашылі скласці канкурэнцыю “Сельскай праўдзе”, ствараючы свае атрадныя газеты! Хто ведае, мо нехта з іх праз гады выбярэ прафесію журналіста. У любым выпадку — пачатак пакладзены!
Думаеце, на мегапазітыў “хварэюць” толькі ў Старым Сяле!? Тады вы дакладна не бывалі ў іншых летніках, дзе жыццё бурліць не менш.
У трэцяй гарадской школе, у якой дзённы лагер узначальвае Святлана Міхед, не забываюцца пра хвіліны здароўя, літаратурныя чытанні і маляванне, заняткі інфарматыкай, спартыўныя гульні на свежым паветры, віктарыну, прысвечаную 75-годдзю Вялікай Перамогі, ды прыемнае “Свята талентаў”.
Падобныя карціны, калі дзеці праз гульню, карысныя справы бавяцца ў чэрвеньскую пару, якая нарэшце прынесла доўгачаканую цеплыню, можна назіраць і ў іншых дзённых лагерах. Аднак падрабязней раскажам пра летнік, які мае асаблівы профіль — мастацка-творчы.

Вітае вас “Калейдаскоп”!

Не дзіўна, што ён “прапісаўся” ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Летнік узначальвае Алена Скрыпка, якая шмат робіць, каб зацікавіць дзясятак сваіх выхаванцаў.
Кожны дзень у лагеры мае сваё імя. Напрыклад, першы называўся “Добры дзень, “Калейдаскоп”! Удзельнікі змены не толькі павіталі адзін аднаго, але абралі савет лагера і правялі прэзентацыю-адкрыццё творчых майстэрняў ды гульню “Сонечны настрой”. Гэты дзень быў таксама прысвечаны бяспецы. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, прыкладам, пра тое, як паводзіць сябе ў час інфекцыі каранавірусу.
Наступным днём юныя жабінкаўцы працавалі ў творчых майстэрнях, нездарма своеасаблівым дэвізам для іх сталі словы: “Калі разам, калі дружна…”
Запамінальнымі сталі адкрыццё змены, названае “Яркія фарбы дзяцінства”, і дзень, прысвечаны казкам. І гэта зусім нездарма, бо кожны, хто ў любую пару года — не толькі летам! — заходзіць у цэнтр творчасці, абавязкова трапляе ў казачную атмасферу, створаную дзіцячымі рукамі пад кіраўніцтвам дарослых.

На заканчэнне

Першая лагерная змена толькі дасягнула свайго экватара, а пагэтаму слова “заканчэнне” пісаць рана. Яшчэ шмат добрых і карысных спраў напланавана, а таму з упэўненасцю можна сказаць, што адпачынак у маленькіх жыхароў горада і раёна чакаецца разнастайным і цікавым.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы БЯЛЯК