Лепшыя з лепшых, ці Вітаем вас, перадавікі!

Добрасумленная праца, любоў да сваёй прафесіі, адданасць справе, жаданне дасягаць новых гарызонтаў — вось што аб’ядноўвае жыхароў Жабінкаўшчыны, партрэты якіх змешчаны на раённай Дошцы гонару. Перад вамі працаўнікі, якімі ганарымся.

Бухгалтэрыя з любоўю

Галіна Неўдах пераехала на Жабінкаўшчыну пасля заканчэння ў 1982 годзе Столінскага сельгастэхнікума і з таго часу прыкіпела душой і сэрцам да нашага раёна. Працоўную біяграфію пачынала намеснікам галоўнага бухгалтара ў калгасе “Перамога” (цяпер — ААТ “Арэпічы”). Гэтую пасаду Галіна Васільеўна займала 32 гады, а ў 2014-м стала галоўным бухгалтарам гаспадаркі.
Галіна Неўдах рупіцца з вялікай самааддачай, пастаянна сочыць за бягучымі змяненнямі прававой базы і дзеючага заканадаўства, часта дае слушныя прапановы. Пунктуальная і кампетэнтная ў рабоце, усю неабходную бухгалтарскую інфармацыю яна прадастаўляе ў вызначаныя тэрміны. А якое задавальненне адчувае ад складання бухгалтарскага балансу — выдатна, калі ёсць магчымасць давесці да ідэалу сваю працу.
Жанчына пастаянна павышае ўзровень сваёй кваліфікацыі, з радасцю дзеліцца вопытам і ведамі з маладымі калегамі.

Саламяных спраў майстрыха

Ірына Коваль — педагог дадатковай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яна працуе ў раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі, дзе раскрывае іх таленты на занятках аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка”. Дзейнасць настаўніка выдатна характарызуюць поспехі яе вучняў. Выхаванцы Ірыны Міхайлаўны штогод атрымліваюць самыя высокія ўзнагароды на выставах і фестывалях дэкаратыўна-прыкладной творчасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Юныя майстры прэзентуюць не толькі разнастайныя вырабы, але й цэлыя калекцыі касцюмаў! Пад чулым кіраўніцтвам Ірыны Коваль вызначыліся сапраўдныя “зорачкі”: Міхаіл Іоська, Яна і Ганна Шэфнер, Дар’я Барысюк, Святлана Ярмолік, Міраслава Марахоўская, Юрый Мазурэнка. А колькі яшчэ новых агеньчыкаў запаліць у сэрцах сваіх выхаванцаў Ірына Коваль і дапаможа разгарэцца ім ва ўсю моц! Майстэрства і вопыт Ірыны Міхайлаўны цэняць не толькі юныя таленты. Сёлета яна паўдзельнічала ў пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады, на якім узнімалася пытанне аб прысваенні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці беларускім мастацкім практыкам саломапляцення.

Нязменны лідар

Лейтэнант унутранай службы Ігар Антанюк амаль 12 гадоў нясе службу ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. Зараз ён начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Жабінкаўскага РАНС. Прымаў удзел у выратаванні трох чалавек і ліквідацыі больш чым 50 пажараў. Сёлета пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Ігар Мікалаевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Саўміна нашай краіны за значны асабісты ўклад у ліквідацыю надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.
Прафесія дазваляе яму развівацца і ў спорце. Да слова, спачатку Ігар Антанюк атрымаў адукацыю па спецыяльнасці «фізічная культура» ў БрДУ імя Пушкіна, а зараз вучыцца на чацвёртым курсе ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Ігар Мікалаевіч пастаянны лідар на спаборніцтвах “Мацнейшы пажарны-выратавальнік” розных узроўняў, у тым ліку міжнароднага. Без перабольшвання ён сапраўдны гонар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Лепшы працаўнік ПМК

Сяргей Мазанік — машыніст экскаватара ПМК-19 (г. Жабінка) УП “Брэстводбуд”. У 22 гады ён прыйшоў сюды на працу рабочым, затым асвоіў прафесію экскаватаршчыка.Гэтай справай і займаецца больш за тры дзясяткі гадоў. Сяргей Сямёнавіч — талковы, руплівы механізатар. За час працы зарэкамендаваў сябе як сапраўдны прафесіянал. Уваходзіць у склад прафкама, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці арганізацыі.
Калегі сцвярджаюць: такіх адданых сваёй справе работнікаў трэба яшчэ пашукаць. Сяргей Мазанік не здраджвае роднаму прадпрыемству, усё жыццё рупіцца на адным месцы. За шматгадовую добрасумленную працу ў меліярацыйнай галіне ўзнагароджваўся Пісьмом падзякі райвыканкама, Ганаровымі граматамі вышэйстаячых арганізацый і ПМК-19, быў занесены на Дошку гонару роднага прадпрыемства. За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у мінулым годзе Сяргей Сямёнавіч прызнаны лепшым працаўніком перасоўнай механізаванай калоны.

Яго стыхія — медыцына

Неаднойчы раёнка друкавала падзякі за клопат і дапамогу ад жыхароў раёна ў адрас урача Віталя Вялько. Сапраўдным прафесіяналам у справе, якой прысвяціў жыццё, лічаць яго і калегі-медыкі. Нездарма больш за дзесяць гадоў давяраюць Віталю Генадзьевічу ўзначальваць прафсаюзную ячэйку бальніцы.
Каб здзейсніць мару і стаць у шэрагі людзей у белых халатах, у свой час ён бліскуча закончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Роўна 25 гадоў таму ўліўся ў вялікі калектыў жабінкаўскіх “эскулапаў”, спачатку — урачом-кардыёлагам, а з міленіума і па сённяшні дзень Віталь Вялько ўзначальвае найбуйнейшае тэрапеўтычнае аддзяленне, дзе пад яго кіраўніцтвам тры ўрачы і 25 прадстаўніц сярэдняга ды малодшага медперсаналу.
У 2015-2016 гадах Віталь Генадзьевіч удзельнічаў у заключным этапе конкурсу “Урач года” і спаборніцтве прафесійнага майстэрства “Умелец Брэстчыны”, стаў лепшым тэрапеўтам вобласці, займеў падзяку Прэзідыума рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Нездарма гавораць: спраў у медыка заўсёды ўдосталь. І ўсе яны неадкладныя, надзвычай важныя. Бо на кану здароўе, а часам і жыццё людзей.

Улюбёны ў тэхніку

Пасля заканчэння Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхналагічнага каледжа Дзмітрый Ляшко ўладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства “Хмелева”. Спачатку кіраваў трактарнай брыгадай, затым стаў загадчыкам мехмайстэрні, а зараз — трактарыст-машыніст.
Штогод Дзмітрый Фёдаравіч удзельнічае ў нарыхтоўцы кармоў, пасяўных і ўборачных кампаніях і дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў. Так, летась Дзмітрый Ляшко выканаў 249 норма-змен і вырабіў 2890 умоўных эталонных гектараў. Неаднойчы ён станавіўся прызёрам абласных спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў; пераможцам раённых конкурсаў сярод механізатараў па падрыхтоўцы ворыва і сярод камбайнераў на нарыхтоўцы травяных кармоў. У 2018 годзе ўзнагароджаны Лістом падзякі райкама Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК за ўдзел у сяўбе азімых культур.
Дзмітрыя Ляшко паважаюць у калектыве, цэняць у гаспадарцы як сумленнага і ініцыятыўнага работніка, добразычлівага і спагадлівага чалавека.

Асалода ад музыкі

Любоў да музыкі прыносіць асалоду не толькі Наталлі Грэцкай, але й удзячным яе слухачам. Амаль чвэрць веку пасля заканчэння Брэсцкага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы, а затым Мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Мікалаеўна вучыць дзяцей ігры на баяне.
З 2006 года месцам яе працы стала Жабінкаўская ДШМ. дзе педагог узначаліла дзіцячы аматарскі аркестр народных інструментаў. За гэтую справу ўзялася з поўнай адказнасцю, таму ўжо ў 2013-м калектыў атрымаў званне “ўзорны”. І гэта заканамерна, бо юныя музыкі з Жабінкі выдатна праяўляюць сябе ў шматлікіх аглядах, конкурсах, фестывалях не толькі на айчынных падмостках, але і за межамі Беларусі, скуль вяртаюцца пераможцамі, дыпламантамі, уладальнікамі гран-пры. За тое і педагогу гонар. Аднак сама яна лічыць: найлепшая ўзнагарода — гэта тое, што ўдаецца прывіваць дзецям любоў да музыкі.
Да таго ж Наталля Мікалаеўна мае пашану ў калег як старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ды проста як чулы чалавек. Таму заўсёды задаволена, калі да яе звяртаюцца з жыццёвымі праблемамі, а яшчэ болей — калі можа вырашыць людскія пытанні.

Яшчэ як згадзіўся!

У кастрычніку споўніцца дзесяць гадоў, як Анатоль Актысюк плённа рупіцца бетоншчыкам у Жабінкаўскай ПМК № 10. Ён пайшоў насуперак знакамітай прыказцы і не памыліўся: бо нарадзіўся Анатоль Аляксандравіч у Ратнаўскім раёне, што ва Украіне, а спатрэбіўся (ды яшчэ як!) на Жабінкаўшчыне. За час працы работнік прыклаў руку да розных аб’ектаў. Займаўся будоўляй многіх жылых дамоў у Жабінцы, у складзе брыгады працаваў у Кобрыне і Брэсце. Анатоль Актысюк праявіў сябе пры рэканструкцыі свінагадоўчага комплексу ў Сычове і малочнатаварнай фермы ў Падлессі, а таксама цукровага завода, дзе быў брыгадзірам бетоншчыкаў. Усяго не пералічыш! За сваю дзейнасць Анатоль Аляксандравіч не раз адзначаўся ўзнагародамі рознага ўзроўню. Ганарыцца тым, што працуе ў ПМК-10 у згуртаваным калектыве, дзе набыў не проста калег, а сяброў.

Яе Вялікасць Ветлівасць

Прадавец 6-га разраду магазіна № 10 “Прадукты” філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы, які месціцца ў аграгарадку Ленінскі, Таццяна Панасюк — Яе Вялікасць Ветлівасць і Яго Вялікасць Працалюбства ў адной асобе. Добрасумленная і патрабавальная да сябе і іншых Таццяна Анатольеўна апошнія пяць гадоў узначальвае калектыў дзясятай крамы, якая абслугоўвае вялікую колькасць пакупнікоў і дзе летась было прададзена насельніцтву тавараў амаль на адзін мільён трыста тысяч рублёў. Жыхары і госці Ленінскага адзначаюць высокі ўзровень культуры абслугоўвання ў магазіне, наяўнасць усіх неабходных тавараў, прадуманасць іх выкладкі на паліцы.
Таццяна Панасюк працуе з усмешкай, з душою, бо любіць справу, якой прысвяціла жыццё.

 

Рэйкі да славы

Нядаўна споўнілася 26 гадоў з таго памятнага красавіцкага дня, калі начальнік вытворчага ўчастка Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Анатоль Краўцоў звязаў свой лёс з чыгункай.
За гэты час упэўнена прайшоў сапраўдны шлях працоўнага чалавека. Пачынаў з азоў, калі ўладкаваўся манцёрам пуці, затым быў наладчыкам пуцявых машын і механізмаў, дарожным майстрам, пакуль у 2009-м не атрымаў прапанову стаць намеснікам начальніка дыстанцыі. На той час за плячыма Анатоля Анатольевіча былі не толькі практычныя, але й тэарэтычныя веды, атрыманыя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
У маі 2017 года Анатоль Краўцоў змяніў “кабінетную” працу: узначаліў вытворчы ўчастак № 2, размешчаны ў Жабінцы. Яго супрацоўнікі выдатна выконваюць план бальнасці пуці. Акрамя таго, паласа адводу ўтрымліваецца ў культурна-эстэтычным стане, заўсёды ў тэрмін праводзяцца рамонтныя работы чыгуначных пераездаў і стрэлачных пераводаў. Усё гэта — дзеля бяспекі і зручнасці людзей.

Прызванне — ветслужба

У Вольгі Кавальчук вялікі вопыт у ветэрынарнай дзейнасці: амаль чвэрць веку яна працуе ў Жабінкаўскай раённай ветэрынарнай станцыі. Пачынала Вольга Сяргееўна сваю прафесійную біяграфію ўрачом-эпізаатолагам, а з 2000 года стала ветэрынарным урачом-серолагам ветлабараторыі. Кваліфікаваны спецыяліст своечасова праводзіць даследаванні, аналіз і заключэнні па іх, сочыць за інфекцыйным дабрабытам рэгіёна, дыягнастуе лабараторным метадам хваробы жывёл, вызначае прычыны захворванняў, арганізуе падрыхтоўку і адпраўку ў дыягностыку. Тут без дакладнасці, уважлівасці і адказнасці не абысціся. Вольга Кавальчук заўсёды радуецца, калі правільна падабранае лячэнне своечасова выяўленага захворвання дазваляе як мага хутчэй справіцца з праблемамі здароўя жывёл.
Вольга Сяргееўна — адказны, працалюбівы і дыс-цыплінаваны работнік, яна ўносіць значны ўклад у вытворчую дзейнасць арганізацыі.

«Салодкі» працоўны шлях

Вадзім Бялых амаль дзесяць гадоў працуе начальнікам комплексу бяс-
тарнага захоўвання цукру Жабінкаўскага цукровага завода. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце тэхналогій і кіравання па спецыяльнасці “машыны і апараты харчовай прамысловасці”.
Вадзім Сяргеевіч пастаянна павышае прафесійныя веды, у рабоце выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, кампетэнтны ў пытаннях фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, маркетынгу, тэхнікі бяспекі і аховы працы. Ён лічыць, што падбор і расстаноўка кадраў, стварэнне добразычлівага клімату, умацаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны — заклад поспеху прадпрыемства. Дарэчы, Вадзім Бялых прымае актыўны ўдзел у рэканструкцыі цукровага завода і ў грамадскім жыцці калектыву. Яго ведаюць як патрабавальнага і адказнага калегу, ініцыятыўнага і высокакваліфікаванага кіраўніка.

Аўтарытэт калектыву

Уся працоўная дзейнасць Аксаны Яхалкоўскай звязана з Жабінкаўскім камбікормавым заводам. Яна прыйшла сюды апаратчыцай камбікормавай вытворчасці, потым працавала майстрам змены, кіраўніком цэха-комплексу, менеджарам-тэхнолагам. Са студзеня 2020 года займае пасаду начальніка вытворчасці. Дарэчы, Аксана Генадзьеўна атрымала дыплом Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання.
Аксана Яхалкоўская добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, дасканала ведае тэхналогію вытворчасці камбікармоў і работу вытворчых ліній. Яе паважаюць падначаленыя, цэняць калегі. Добразычлівая і справядлівая, яна карыстаецца аўтарытэтам у калектыве.
У 2007 годзе вылучалася дэпутатам Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 25-га склікання. Цяпер з’яўляецца нявызваленай старшынёй пярвічнай арганізацыі прафсаюза таварыства.

 

Тысячы дарог за плячыма

Мікалай Залеўскі абраў сваім жыццёвым шляхам прафесію вадзіцеля, якая назаўсёды звязала яго з тысячамі дарог.
Ён з дзяцінства марыў круціць абаранак аўтамабіля. Адслужыў у арміі і ў 1988 годзе ўладкаваўся кіроўцам у Брэсцкую райаграпрамтэхніку. У жніўні 1991-га ўліўся ў калектыў Жабінкаўскага ДРБУ № 103. За гады працы ў кагорце дарожнікаў Мікалай Аляксандравіч праехаў тысячы кіламетраў, дастаўляў шчэбень і пясок пры правядзенні капітальных, бягучых рамонтаў аўтадарог, адказна сачыў за станам замацаванай за ім тэхнікі.
Пра тое, што Мікалай Залеўскі знаходзіцца на сваім месцы і з’яўляецца выдатным прафесіяналам, сведчаць шматлікія ўзнагароды — ганаровыя граматы і пісьмы падзякі, у тым ліку райвыканкама. Неаднойчы быў прызнаны пераможцам працоўнага спаборніцтва “Лепшы па прафесіі” і занесены на Дошку гонару КУП “Брэстаблдарбуд” і Жабінкаўскага ДРБУ № 103.

Раўненне на ўраджайнасць

Працоўную біяграфію пасля заканчэння Вялікалуцкага сельгасінстытута Ларыса Марчук пачала ў Арэпічах, у калгасе “Перамога”. Спачатку ўладкавалася аграхімікам, затым — галоўным аграномам, аграномам-насенняводам. З лютага 2017 года Ларыса Іванаўна працуе галоўным аграномам у ААТ “Вазнясенскі”.
Выдатны спецыяліст у галіне земляробства, яна актыўна прымяняе свае веды і навыкі пры вырошчванні і зборы ўраджаю. І вынікі не прымушаюць сябе доўга чакаць. Пад кіраўніцтвам Ларысы Іванаўны летась гаспадарка атрымала амаль шэсць тысяч тон збожжа, ці 116,2 % да ўзроўню 2018 года. Павялічылася і ўраджайнасць зерневых і зернебабовых (да 53,9 ц/га ), а таксама кукурузы на сілас і на зерне. І гэта яшчэ не ўсё. “Вазнясенскі” займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці па вытворчасці цукровых буракоў: на працягу некалькіх гадоў запар іх ураджайнасць у гаспадарцы вышэй за 750 ц/га.
Ларыса Марчук ветлівы і пазітыўны чалавек, яе паважаюць і цэняць у калектыве. Свае веды і вопыт яна ахвотна перадае маладым спецыялістам.

Аграном ад Бога

Ён ведае, калі і як сеяць сельскагаспадарчыя культуры, чым і як угнойваць, як зберагчы ўраджай і максімальна яго павялічыць. Міхаіла Чабоцьку можна смела назваць аграномам ад Бога. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, рупіўся аграномам-насенняводам калгаса “Прамень” у Вялікіх Якаўчыцах, потым загадваў вытворчасцю племгаспадаркі “Літвінава” Кобрынскага раёна. З 2013 года працуе ў ААТ “Жабінкаўскі”: спачатку кіраваў цэхам раслінаводства, цяпер — начальнік аддзялення таварыства.
Міхаіл Станіслававіч — сумленны, добразычлівы і працалюбівы работнік. Формула яго поспеху: веды, па-множаныя на вопыт. Аб ягоным асабістым працоўным унёску ў дабрабыт гаспадаркі яскрава сведчаць лічбы. Так, за мінулы год вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах 2018 года склала 110,8 % да ўзроўню мінулага года, прыкметна павялічылася вытворчасць малака. Са знакам “плюс” таксама вырашчана зерневых і зернебабовых, рапсу, кукурузы, нарыхтавана кармоў.
Міхаіл Чабоцька не ўяўляе сябе без любімай прафесіі, нялёгкай, але вельмі цікавай працы агранома.

Надзейныя рукі медсястры

Вось ужо дваццаць гадоў Ала Буцько працуе медсястрой санаторыя “Буг”. Клопат пра пацыентаў, розныя віды дыягностыкі і лячэння — на плячах чулай медыцынскай сястры, якая бясконца любіць сваю прафесію і ніколі не пашкадавала, што выбрала менавіта яе.
Ала Пятроўна лічыць, што дапамагаць людзям,
праяўляць дабрату і міласэрнасць — галоўная задача тых, хто апрануў белыя халаты.
Яна ведае, дзе трэба ўсміхнуцца, дзе падтрымаць словам, дзе прамаўчаць. Майстэрства зносін і ўзаемадапамогі знаёма ёй не па чутках. Яе ведаюць як тактычнага, ураўнаважанага, пазітыўнага чалавека. Пастаянныя наведвальнікі санаторыя ўпэўнены: іх здароўе ў надзейных руках.