Лепшы сродак ад хваробы — прафілактыка

12 кастрычніка ва ўсіх краінах адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з артрытам, які праводзіцца з ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) з 1996 года.
Асноўныя мэты гэтага дня — прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці па ўсім свеце да праблем рэўматычных захворванняў, павысіць інфармаванасць пра артрыт ва ўсіх яго формах, аб’яднаць намаганні ўрачоў, пацыентаў і грамадскасці ў накірунку рашэння пытанняў прафілактыкі, ранняй дыягностыкі, медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі хворых на артрыт.
Гэта сур’ёзнае запаленчае захворванне сустава ці некалькіх суставаў, якое пры адсутнасці лячэння прыводзіць не толькі да болевых адчуванняў і абмежавання руху, але і да інваліднасці і страты працаздольнасці. Прычыны хваробы розныя — нярэдка артрыт узнікае пры траўмах, пашкоджаннях суставаў, пры частых фізічных перанапружаннях або пры генетычнай схільнасці. Акрамя таго, развіццё артрыта правакуюць вірусныя, бактэрыяльныя інфекцыі, пераахаладжэнне, фізічныя і псіхічныя перагрузкі і нават курэнне.
Запаленчы працэс выклікае парушэнне структуры і функцыі суставаў, што вядзе да ўзнікнення болю, тугарухавасці, ацёчнасці. У выніку гэта прыводзіць да незваротнай дэструкцыі сустава і інвалідызацыі пацыента. Найбольш часта хварэюць на артрыт ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў, жанчыны — у пяць разоў часцей, чым мужчыны. Прычым не заўсёды хваробы суставаў можна распазнаць адразу — з-за “скрытасці” і “маскіроўкі”.
На сённяшні дзень захворванні суставаў сталі літаральна глабальнай праблемай. Па дадзеных СААЗ, кожны дзясяты жыхар планеты пакутуе на артрыт. Важна памятаць, што толькі ранняя дыягностыка і своечасовае лячэнне могуць прадухіліць цяжкія наступствы захворвання. Лепшы сродак ад артрыту — гэта прафілактыка. Зменшыць рызыку развіцця дадзенай хваробы можна, калі выконваць наступныя парады: часцей бываць на свежым паветры, адмовіцца ад шкодных звычак, весці здаровы лад жыцця, не грэбаваць фізічнымі практыкаваннямі і правільна харчавацца. І ўсё гэта — незалежна ад узросту і роду заняткаў чалавека. Бо даўно не сакрэт, што ад агульнага фізічнага стану і душэўнай раўнавагі залежыць здольнасць арганізма супраціўляцца хваробам.
Беражыце сябе і будзьце здаровымі!
Ганна ДАРАГАКУПЕЦ, урач-тэрапеўт участковы раённай паліклінікі.