Партызанскі атрад імя Чарнака быў шматнацыянальны. Найбольшую групу байцоў, акрамя беларусаў, з 1943 года складалі палякі і асеціны. Пра апошніх і сёння на інтэрнэт-сайтах можна знайсці сцвярджэнне: прадстаўнікі гэтага каўказскага народа былі калабарантамі, масава здаваліся ў палон, служылі немцам верай-праўдай. Прычым, у спіскі “здраднікаў” трапляюць нават тыя, хто насамрэч уліваўся ў шэрагі партызан і біў ворага ў тыле. На радзіме, у Расіі, пра іх подзвігі на нашай зямлі вельмі многія дасюль не ведаюць.
Што казаць пра шарагоўцаў, калі нават імя партызанскага камандзіра Рамазана Дзабіевіча КОЗЫРАВА (на здымку), які кіраваў чарнакоўцамі са жніўня 1943-га па сакавік 1944 года, а пазней быў начальнікам штаба брыгады імя Сталіна, у рунэце заплямлена словам “здраднік”. Між тым, з Козыравым і яго супляменнікамі звязана нямала слаўных падзей.
Каб нейтралізаваць партызанскі рух, немцы неаднойчы аргані-зоўвалі карныя аперацыі. Яны ўзмацніліся восенню 1942 года і вясной наступнага.
У красавіку сорак трэцяга чарнакоўцы разграмілі гарнізон у Ацячызне, захапіўшы кулямёт, вінтоўкі і 600 літраў спірту. Адначасова быў разбураны маёнтак Галінова, дзе партызаны ўзялі жыта і скаціну, забраныя для вывазу ў Германію. У адказ немцы пачалі шырокае наступленне на Старасельскі атрад.
2 мая яны рухаліся з трох бакоў — Кобрына, Чарнянаў і Радванічаў. Большасць партызан знаходзілася на заданнях. У лагеры заставалася толькі адна рота. Разведка данесла пра небяспеку, але сама трапіла пад агонь, загінуў і камандзір разведчыкаў Міхаіл Мікітавіч ЧАРНАК (1911-1943), у гонар якога пазней быў названы атрад. А тады, 2 мая, партызаны, вытрымаўшы бой, паглыбіліся ў лес. Наступным днём гітлераўцы прыбылі ўжо на машынах, танкетках, ды ісці ўслед за чарнакоўцамі не адважыліся.
У радах акупантаў было дасткова выхадцаў з Асеціі (так званых “каўказскіх легіянераў”), пра іх настроі народныя мсціўцы добра ведалі ад тутэйшых сялян. Падпольшчык Трафім Міканоравіч ЧАРЭЎКА, яго пляменнік Міхаіл і жыхарка вёскі Пугачова (зараз у межах Брэста) Ганна ГУДКО былі сярод актыўных перагаворшчыкаў з “легіянерамі”, схіляючы іх да пераходу на бок партызан.
Асеціны выйшлі з Брэста, нібыта каб зрабіць аблаву на партызан. Неўзабаве размясціліся на хутары каля самага Старасельскага лесу. Дзеля канспірацыі Чарэўка з пляменнікам, узяўшы аброць, рушыў у лес, быццам па коней, што пасліся ў гушчары. Але насамрэч сустрэлі “легіянераў”, а потым пайшлі да камандзіра партызан Сяргея Сяргеевіча ШЫКАНАВА з весткаю пра ўзброеных людзей у нямецкай форме, што просяцца ў атрад.
Пакуль Козыраў перамаўляўся з Шыканавым, Трафім Чарэўка заставаўся ў якасці заложніка з асецінамі. Тыя развялі касцёр, пачалі рыхтаваць на вячэру бараніну. Хутка стала вядома: перамовы прайшлі паспяхова. Так 23 мая 1943 года 38 асецінаў апынуліся сярод народных мсціўцаў. У лагеры іх сустракаў асабіста камісар атрада Леанід Пятровіч ЗЯЛЕНІН. Сярод “перабежчыкаў” былі Андрэй Бякіравіч БУДАЕЎ, Дотдзій Сандыравіч КАЙБАЕЎ, Аляксандр Кімбалатавіч БРАЕЎ, Албін Харытонавіч КАНУКАЎ ды іншыя.
Ужо праз два дні яны бліскуча прайшлі выпрабаванне боем, калі разграмілі ўзмоцнены паліцэйскі пастарунак у Азятах. Пры гэтым прымянілі вынаходлівасць і хітрасць. Паліцаі, якія пабачылі партызан, пераапранутых у нямецкую форму, паверылі, што прыйшлі іх “гаспадары”. А тыя ў адказ на рабалепнае прывітанне раззброілі гарнізон і захапілі багатыя вайсковыя трафеі. Аперацыяй камандавалі паляк Рамкоўскі, казах Ісмачулаў і асецін Козыраў.
Гэта была першая, але далёка не апошняя аперацыя, у якой выдатна сябе праявілі каўказцы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Главные новости
