Святлана БЯЛЯК.
Фота Яўгена ЦАРУКА.
Зіма, здаецца, здае свае пазіцыі: слупок тэрмометра вагаецца каля нуля, снег на палях тае. Аднак гэта не стала перашкодай для аматараў зімовай рыбалкі, бо лёд на вадаёмах яшчэ тоўсты, трывалы.
У мінулую суботу на Мухаўцы побач з гідравузлом “Залуззе” рыбакі не проста мелі магчымасць адарвацца нарэшце ад тэлевізара і выдатна правесці час на свежым паветры, але й паспаборнічаць, у каго прыкормка смачнейшая і вуда мацнейшая. Адміністратар групы “Zhabinka fishing club” Яўген Царук сабраў ажно 31 удзельніка на адкрытае першынство раёна па лоўлі рыбы з лёду. Некаму шанцавала, “клявала”, а ў дваіх рыбакоў нажыўку рыбка чамусьці мінала. Мужчыны з гэтай нагоды крыху маглі засмуціцца, але парадавацца за больш удалых рыбакоў. Напрыклад, Арцём Мелянтовіч выцягнуў з лункі акуня вагою 230 грамаў, а Сяргей Манчук злавіў крыху меншага — 190 грамаў. Рыба найбольш “аблюбавала” лунку Генадзя Царука, і ён нацягаў “здабычы” агульнай вагою 820 грамаў і стаў абсалютным пераможцам спаборніцтваў. У Сяргея Манчука ўлоў заважыў 680 грамаў, што дазволіла яму заняць другое месца. А завяршыў спіс пераможцаў з такім жа вынікам Віктар Крывец.
І які конкурс без прызоў? Грашовыя сертыфікаты і падарункі ўручылі лепшым рыбакам прадпрымальнікі Мікалай Ляшук і Іван Булыга (яны разбіраюцца ў рыбалцы, бо гандлююць рыбалоўнымі прыладамі). Дарэчы, падарункам быў адзначаны і самы юны рыбак — 15-гадовы Ягор Папоў.

