Крымінальная хроніка

Хто пазалаціў сабе ручку?

Назваць імя, хто ўкраў залатыя рэчы, пакуль не можам, а вось тую, хто праявіў бяспечнасць, каб зламыснік непрыкметна прабраўся ў пакой ў санаторыі “Буг” і забраў яе залатыя завушніцы і пярсцёнак, можам. Гэта Ганна Г. Зараз яе рэчы даводзіцца шукаць праваахоўнікам.
А вось у доме Андрэя Ш. з Ханькоў залатыя рэчы не вадзіліся, затое злодзей, адціснуўшы шклопакет акна, адразу пажывіўся на 1000 рублёў. Па абодвух фактах узбуджаны справы па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Цяпер следчым трэба адшукаць зламыснікаў, што забраліся ў чужыя дамы, каб пазалаціць сабе ручку.

Сыны просяць дапамогі ад бацькі

Яны сустрэліся, пакахалі адзін аднаго, абяцалі быць разам у шчасці і горы, нарадзілі дзяцей, а пасля пайшлі сваркі — і разбегліся ў розныя бакі. Хто найбольш пацярпеў ад разводу? Іх дзеці. Бо бацька Мікалай С. зусім выкрасліў са свайго жыцця малых сыноў.
Суд раёна яшчэ ў верасні 2015 года абавязаў Мікалая выплачваць штомесяц 33 працэнты з усіх відаў заработку. Каб не плаціць, гора-бацька не працаўладкаваўся і нават не зарэгістраваўся ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў якасці беспрацоўнага, а значыць, мае запазычанасць па аліментах. На Мікалая С. узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 174 КК.

Зусім не па-суседску

За адзін месяц Аляксандр П. двойчы папаўся на крадзяжах. Для гэтага ён не выбіраўся ў далёкую дарогу: дзейнічаў у вёсцы Целякі. Браў усё, што трапляла пад рукі: спачатку абрабаваў адзін дом, дзе скраў амперметр, літровую пляшку гарэлкі, наручны гадзіннік, запальную свечку, бляшанку тушонкі ды 150 грамаў каўбасы. Такім чынам, зламыснік прынёс Анатолю С. стратаў на 86 рублёў.
Затым Аляксандр перайшоў на супрацьлеглы бок вуліцы. Тут “улоў” аказаўся нашмат багацейшым: зварачны апарат, маска і пара пальчатак зваршчыка, вуглавая шліфавальная машынка, шрубавёрт і гэтак далей — усяго на 529 рублёў. Суд вынес вердыкт па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса краіны. А як у вочы суседзям глядзець? Ці не будуць яны цяпер шарахацца ад Аляксандра пры сустрэчах?..

Яшчэ крышку пра крадзяжы

Як ні папярэджваем грамадзян аб неаб-ходнасці зберагаць свае рэчы так, каб да іх не дабраўся злодзей, ды некаторыя жывуць з надзеяй: а можа пранясе! Нехта, і сапраўды, не возьме чужога, а другі толькі і глядзіць: што дрэнна ляжыць, каб украсці? Неяк паставіла Наталля Я. з аграгарадка Ленінскі каля дома дарожны веласіпед. А пакуль гаспадыня вярнулася, на ровары ўжо ўкацілі ў невядомым напрамку…
Жабінкавец Раман Ш. забіў трывогу, што ў яго зламыснік украў жалезную скрынку, рыдлёўку, сетку “рабіца” і сякеру. Цяпер узбуджаны крымінальныя справы і росшукам прапалых рэчаў займаюцца следчыя.

Даніла, не гуляй з законам!

15 студзеня 2020 года суд Кобрынскага раёна асудзіў Данілу Д. да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Сёлета ў жніўні мужчына быў вызвалены, але засталася не знятаю і непагашанаю судзімасць. Ад Данілы патрабавалася адно: строга выконваць літару закону. Аднак ён не стаў на шлях выпраўлення, а здзейсніў новае злачынства, і судом горада Бабруйска і Бабруйскага раёна быў устаноўлены прэвентыўны нагляд на адзін год і шэсць месяцаў, які накладваў на вінаватага шэраг абмежаванняў, у тым ліку і абавязковую трохразовую рэгістрацыю штомесяц у крымінальна-выпраўленчай інспекцыі райаддзела міліцыі. Але і на гэты раз Даніла Д. праявіў сваю недысцыплінаванасць, таму супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Па інфармацыі начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Віталя ГАЛЕНЧУКА