Крымiнальная хронiка

Крымiнальная хронiка

Узяў чужы смартфон?.. Аднак пярэчыць закон

Мабыць, забыўся Мяфодзій Я. вядомую народную прымаўку, якая нагадвае, што бясплатным сыр бывае толькі ў пастцы, інакш не стаў бы гора-героем гэтай крымінальнай публікацыі. У адзін з ліпеньскіх дзён ён знаходзіўся ў салоне сувязі і разглядваў смартфон “Хіаоmі”. Каштоўная рэч яму прыйшлася даспадобы. А вось далейшыя дзеянні Мяфодзія Я. назваць законнымі ніякім чынам не атрымоўваецца. Быццам бы неўпрыкмет, мужчына прыхапіў “Хіаоmі” ў камплекце з зарадным прыстасаваннем і чахлом для тэлефона. Такім чынам, Мяфодзій прынёс арганізацыі, якая гандлюе мабільнымі тэлефонамі ды іншымі электроннымі рэчамі, стратаў болей чым на 10 базавых велічынь. Затым грамадзянін не раз дакараў сябе за гэта, бо зараз чакае позвы ў суд.

Пашкодзіць можна і здароўю, і біяграфіі

Дзям’яну Ф. сёння цяжка патлумачыць следчым, дзе і калі ён сабраў расліны з рэзкім пахам, высушыў і захоўваў у сябе, аж пакуль іх не канфіскавалі работнікі праваахоўных органаў.

Па заключэнні эксперта, гэтая зялёная маса з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам – марыхуанай. Цяпер у судзе Дзям’яну давядзецца адказваць на ўсё тыя ж нялёгкія пытанні, бо супраць аматара марыхуаны ўзбуджана крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дзеянні, якімі захапіўся грамадзянін, здольныя не толькі пашкодзіць здароўю, але й сапсаваць уласную біяграфію.

 

Па інфармацыі начальніка райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыял да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК