Аматар кветак ці крадзяжу?
Напэўна, Нікадзім П. (тут і ніжэй імёны змененыя) лічыў сябе аматарам кветак, калі ноччу палез украсці магнолію з прысядзібнага ўчастка па вуліцы Кірава ў нашым райцэнтры. Ва ўсялякім выпадку ён ведаў кошт магноліі гатунку “Суланжа Александрына”. Кветкавы куст, здабыты такім чынам, абышоўся для гаспадыні ўчастку Магдаліны К. стратай у 120 рублёў. Супраць аматара крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Фальшывыя долары
Як паведаміла праваахоўнікам Марыяна П., купляючы ў незнаёмага мужчыны дзве купюры наміналам па 100 долараў ЗША, яна не дапускала нават думкі, што грошы былі выраблены не ў Злучаных Штатах і з’яўляюцца фальшывымі. Таму, як прыйшла пара расстацца з імі, спакойна панесла на абмен у банк. Там спецыялісты, праверыўшы, знайшлі даляры несапраўднымі. У выніку па дадзеным факце ўзбуджана справа паводле часткі 1 артыкула 221 Крымінальнага кодэкса нашай краіны.
“Пераблытала” кішэні?
Наіна П. працавала прадаўцом у магазіне “Родны кут” у адной з вёсак Жабінкаўскага раёна, з’яўлялася матэрыяльна-адказнай асобай за тыя каштоўнасці, якія паступалі ў краму, і грошы за прададзеныя тавары ды прадукты.
Прадавец, аднак, “пераблытала” сваю кішэню з уласнасцю, што належыць гандлёваму прадпрыемству. Маючы намер крадзяжу шляхам прысваення давераных ёй грашовых сродкаў і таварна-матэрыльных каштоўнасцей, яна за кароткі час прынесла стратаў ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” звыш 1800 рублёў. Супраць гора-прадаўца ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 211 КК.
Разлічыўся чужой карткай
Усяслаў Ч. раней прыцягваўся ўжо судом да крымінальнай адказнасці, аднак на шлях выпраўлення не стаў. Болей таго, маючы намер на супрацьпраўнае бясплатнае завалодання грашовымі сродкамі Яна А., што былі на карт-рахунку мужчыны, Усяслаў двойчы ў магазінах разлічыўся Янавай карткай. Такім чынам, прынёс стратаў апошняму на суму больш за 150 рублёў. Гэта адпавядае злачынству, прадугледжанаму часткай 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса нашай дзяржавы.
Афера не ўдалася
Незнаёмец, мусіць, ведаў сілу слова, бо чатыры дні запар па тэлефоне ў месенджары “Теlеgrаm” угаворваў Анфісу А. па выдуманай прычыне выкрыцця махляроў, якія імкнуцца завалодаць яе грашовымі сродкамі, аформіць дагавор на аказанне рыэлтарскіх паслуг па продажы кватэры ў Брэсце коштам 45 тысяч долараў ЗША.
Ён аказаўся тым злодзеем, які, памятаеце, крычаў: “Лавіце злодзея!”, бо сам незнаёмец гэткім спосабам марыў забраць тыя грошы сабе. Афера, аднак, не ўдалася: Анфіса ці сама ўрэшце дадумалася, ці хто падказаў адмовіцца ад паслуг “дабрадзея”.
Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа: следчым неабходна адшукаць і назваць імя таго незнаёмца, які марыць разжыцца за чужы кошт.
Любіце сваіх дзяцей!
Раённы суд абавязаў Апанаса П. на ўтрыманне непаўналетняга сына штомесяц выплачваць 25 працэнтаў з усіх відаў заробку. Аднак гора-бацька не прымае ніякіх мер для таго, каб займацца выхаваннем сына. Болей таго, ён не ўладкаваўся на працу, а грошы, атрыманыя на падпрацоўках, траціць на свае патрэбы. У адносінах да Апанаса П. узбуджана справа па частцы 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса.
А вось яшчэ адзін падобны выпадак. Нона Л. была пазбаўлена мацярынскіх правоў на сына і дачку: дзеці знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, а маці абавязана кампенсаваць расходы на іх утрыманне. Працаўладкаваная паляводам у адну з гаспадарак раёна Нона без уважлівых прычын дапускае прагулы па рабоце. Так, з 19 студзеня па 8 мая не выйшла на працу 19 дзён, што пацягнула за сабою няпоўнае выкананне аплаты.
Што сказаць такім бацькам? Любіце сваіх дзетак, не цурайцеся іх, тады і яны дапамогуць вам у старасці!
Па інфармацыі начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыял да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК
