Круці педалі згодна з правіламі

У апошні час людзі актыўна перасаджваюцца з аўтамабіляў на веласіпеды, тым самым паказваюць прыхільнасць да здаровага ладу жыцця. Пры гэтым многія не ведаюць Правілаў дарожнага руху для веласіпедыстаў, таму часта трапляюць у дарожныя здарэнні. Так, з пачатку года з удзелам веласіпедыстаў на тэрыторыі вобласці адбылося 29 дарожных аварый, у якіх 6 чалавек загінулі і 23 атрымалі траўмы, у 15 выпадках вінаватыя самі кіроўцы двухколавага транспарту.

Галоўнае — тэхніка бяспекі

Язда на веласіпедзе — гэта сапраўды здорава, калі захоўваць тэхніку бяспекі і, канечне ж, ПДР, а яшчэ сачыць за надвор’ем і глядзець, што за акном: дождж, туман ці яркае сонца. Паважаныя ўладальнікі “жалезных коней”, памятайце, што вы — паўнапраўныя ўдзельнікі дарожнага руху, а гэта значыць, што на вас кладзецца ўвесь груз адказнасці як за сваё жыццё і здароўе, так і за іншых.
Перасякаць праезную частку можна толькі па пешаходных пераходах. Папярэдне патрэбна спешыцца і ўпэўніцца, што пераход бяспечны. Не забывайце: згодна з пунктам 148 ПДР рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, пры гэтым не рабіць перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Часам веласіпедысты развіваюць даволі імклівую скорасць, пры гэтым рухаюцца па шматлюднай пешаходнай дарозе і не задумваюцца, што могуць траўміраваць пешаходаў, у тым ліку дзяцей. Так адбываецца таму, што, калі чалавек знаходзіцца ў пешаходнай зоне, ён становіцца менш сканцэнтраваным: не чакае сустрэчы з транспартнымі сродкамі. Пагэтаму на такой тэрыторыі патрэбна захоўваць мінімальную хуткасць, быць уважлівымі і ветлівымі ў адносінах да пешаходаў.

Забудзьцеся пра манеўры

Пры адсутнасці вышэйпазначаных элементаў дарогі ці немагчымасці рухацца па іх дапускаецца перамяшчэнне веласіпедыстаў па праезнай частцы ў адзін рад не далей за адзін метр ад яе правага краю. Менавіта на дарозе веласіпедысты становяцца найбольш уразлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху з-за незахавання Правілаў дарожнага руху. Неабходна памятаць, што выязджаць на праезную частку на веласіпедзе без суправаджэння дарослых дазваляецца толькі з 14 гадоў, да гэтага ўзросту дзіця можа ездзіць толькі па тратуарах, веласіпедных і пешаходных дарожках, а таксама ў пешаходных і жылых зонах.
Самі веласіпедысты часам паводзяць сябе так, нібыта госці з паралельнай рэальнасці: рашуча ігнаруюць законы прыроды (у першую чаргу — закон самазахавання) і патрабаванні ПДР. У прасторы яны перамяшчаюцца быццам НЛА. Могуць нечакана для вадзіцеляў выскачыць з тратуара на праезную частку. Ехаць па трасе, а на светлафоры, каб не чакаць, павярнуць на пешаходную дарожку ці, яшчэ горш, павярнуць на 90 градусаў і праскочыць “па зебры”, не злазячы з “каня”. Няцяжка здагадацца, што думаюць аўтаўладальнікі пра ўсе гэтыя манеўры.

Толькі на карысць

На жаль, веласіпедысты, асабліва ў сельскай мясцовасці, грэбуюць патрабаваннямі да перавозкі дзяцей. Нярэдка можна ўбачыць дваіх, а часам і траіх чалавек, якія перамяшчаюцца на адным двухколавым сябры. Адзін — на раме, другі — на сядзенні, трэці — ззаду. Згодна з пунктам 153.5 Правілаў дарожнага руху веласіпедысту забараняецца перавозіць пасажыраў, за выключэннем выпадкаў перавозкі дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні.
Веласіпед можа якасна змяніць жыццё, зрабіць яго больш здаровым і яркім. Ён без перабольшвання здольны ператварыць свет кожнага чалавека, які вырашыў перыядычна ці часта выкарыстоўваць двухколавага сябра для перамяшчэння і адпачынку. Галоўнае не забываць, што згодна з пунктам 149 Правілаў дарожнага руху ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду — фара (ліхтар), які вылучае белае святло, ззаду — чырвонае. Дапаможа ў прафілактыцы ДТЗ і камізэлька павышанай бачнасці.
Будзьце ўважлівымі і акуратнымі на дарогах, захоўвайце ПДР і паважайце іншых удзельнікаў дарожнага руху, тады паездкі на веласіпедзе будуць прыносіць толькі карысць і радасць.
Віталь ЯЧНІК, начальнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС