“Колеравы тыдзень” завітаў у цэнтр

Колеры ў жыцці дзіцяці вельмі важныя, бо ўплываюць на яго настрой і паводзіны. Адны выклікаюць усмешку і супакойваюць, другія — узбуджаюць і нават палохаюць. Колеры могуць расказаць пра характар дзіцяці, яго трывогі і перажыванні. Акрамя таго, яны аказваюць тэрапеўтычны эфект. З іх дапамогай педагог можа навучыць дзіця адрозніваць адценні і апазнаваць колеры ў навакольным свеце, што асабліва важна для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
З такою мэтай у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна прайшоў “Колеравы ты-дзень”. У яго рамках былі створаны ўмовы эмацыянальнага і фізічнага дабрабыту дзяцей з выкарыстаннем элементаў колератэрапіі, арт-тэрапіі, музыкатэрапіі, методыкі М. Мантэсоры. Кожны дзень адпавядаў колеру вясёлкі. У дашкольнай групе і ў класах афармляліся колеравыя зоны. Дарослыя і дзеці былі апрануты ў адзенне адпаведнага колеру. На занятках педагогі расказвалі пра колер дня, стваралі сумесныя малюнкі і агульнагрупавыя вырабы, якія яму адпавядалі.
Па выніках “Колеравага тыдня” дзеці і дарослыя атрымалі зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый.
Надзея ЖЫХ, настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР.