КНІЖНЫ СВЕТ ЖЫЦЦЁ АСВЯТЛЯЕ

Ёсць на зямлі людзі, што робяць у цішы гучныя справы: выхоўваюць нас праз друкаванае слова, злучаюць чытачоў з пісьменнікамі, робяць нашае жыццё больш захапляльным і цікавым. Іх свята — у сярэдзіне верасня. Вядома, вы ўжо здагадаліся: слава тым, хто зберагае слова! Для бібліятэкараў кніжны свет асвятляе жыццё, як гэта аднойчы і назаўсёды адбылося ў лёсе Галіны ДУЛЕВІЧ (на здымку).

Гэты год у яе спрэч юбілейны. Улетку разам з мужам Вячаславам Сцяпанавічам адсвяткавала жамчужнае вяселле, а напярэдадні прафесійнага свята ў Галіны Дулевіч надарыўся і ўласны юбілей, ужо з залатым адлівам.
У кніжнай справе яна, бясспрэчна, на вышыні. На гэтай ніве працуе ўжо больш за трыццаць гадоў, як толькі скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і размеркавалася ў Ленінскую сельскую бібліятэку. Затым шчыравала ў дзіцячай кніжніцы, а з лістапада 2011-га ўзначаліла аддзел бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай райбібліятэкі. Акрамя таго, больш за два гады Галіна Генрыхаўна была на пасадзе дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
У юнацтве на жыццёвых ростанях мелася нямала захапленняў. Хацелася нават па прыкладзе таты, які суткі не дажыў да свайго 31-га дня нараджэння, склаўшы галаву ў Афганскай вайне, звязаць лёс з арміяй, ды ў той час дзяўчат у войска не бралі. Таму разам з сяброўкай Рымай выбрала мо самую мірную прафесію — бібліятэкара.
Аднак тэма далёкай і адначасова блізкай вайны дасюль не чужая для дачкі афганца. Таму калі ўзнікла ў бібліятэцы ідэя стварыць базу дадзеных “Афганістан: наша памяць і боль”, Галіна Генрыхаўна актыўна далучылася да гэтай справы. Літаральна па крупіцах з году ў год збіраецца інфармацыя пра загінулых і тых, хто вярнуўся жывым з той вайны, іх успаміны, фотаздымкі, рэчы, творы, напісаныя былымі воінамі-інтэрнацыяналістамі. Пошук не перарываецца ні на дзень.
Акрамя таго, на ютубе можна знайсці краязнаўчае падарожжа “Віртуальная экскурсія па горадзе Жабінка”, якая сабрала ўжо больш за паўтары тысячы праглядаў. А яшчэ пры непасрэдным удзеле Галіны Дулевіч у райбібліятэцы створаны мемарыяльны куток “Подзвіг і памяць Афганістана”. Кожны чытач, які пераступае парог храма кніг, адразу можа пабачыць і адчуць атмасферу часоў, калі нашы землякі ваявалі ў далёкіх гарачых краях.
Гэткім чынам, краязнаўства літаральна стала часткаю жыцця Галіны Генрыхаўны, якая нярэдка да юбілейных дат устаноў або арганізацый раёна стварае каляровыя брашуры, каб жабінкаўцы лепш ведалі мінулае свайго краю. Адзначым таксама, што яна ўкараніла новыя формы працы для бібліятэкараў. Прынамсі, з удзелам Галіны Дулевіч быў распрацаваны прафарыентацыйны квэст “Даведайся пра сябе”.
І пры гэтым наша гераіня мае шмат асабістых талентаў. Некалі, напрыклад, было ў яе жаданне стаць артысткаю. Хоць і не склалася ўзысці на прафесійныя падмосткі, ды талент, так бы мовіць, вырашыла не зарываць у зямлю. Як толькі ў бібліятэцы нейкая тэатралізацыя — Галіна Генрыхаўна не стаіць убаку. Яна сябруе з песняй, таму з ахвотаю спяшаецца на рэпетыцыі народнага хору “Скарбніца”, з якім даводзілася ўжо не раз выступаць, радуючы слухачоў сваімі спевамі. А наколькі запамінальным дасюль застаецца ў жабінкаўцаў, яе выступленне на вялікай сцэне ГДК у ролі маці, якая атрымала вестку пра гібель сына на вайне ў Афгане!.. Яна так чытала гэты маналог, настолькі перажывала гэты вобраз, што хваляванне прабівалася на суровых тварах тых, хто прайшоў праз ваенныя выпрабаванні, губляючы сяброў.
Галіна Дулевіч даўно атрымала павагу ад калег і чытачоў. І гэта нездарма, бо адчуваецца яе ўлюбёнасць у справу, якой прысвяціла жыццё. Кожны ў бібліятэцы скажа: яна выдатны прафесіянал, ва ўсім добры настаўнік для маладзейшых і надзвычай цудоўная матуля.
І за ўсё гэта Галіна Генрыхаўна неаднойчы атрымлівала прызнанне. У яе скарбонцы ўзнагарод, між іншым, і грамата райвыканкама.
Але самае высокае прызнанне для бібліятэкара — удзячныя словы ад чытачоў, якім яна паспяхова дапамагае пераадольваць агромністы кніжны акіян.
Анатоль БЕНЗЯРУК