КНІГА І КНІЖНІКІ

Адразу дзве знакавыя падзеі адбыліся ў Мінску на мінулым тыдні для шматлікай пісьменніцкай суполкі, якая аб’ядноўвае сем соцень беларускіх празаікаў і паэтаў. Спачатку ладзіўся чарговы справаздачна-выбарчы з’езд, а затым раскрыла свае дзверы для гасцей Міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

XXV з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі 22 сакавіка наведалі амаль 200 сяброў арганізацыі з усіх куткоў Беларусі. Гэтае значнае для літаратурнага жыцця краіны мерапрыемства ладзілася ў Нацыянальнай бібліятэцы.
На сваім сходзе пісьменнікі падвялі вынікі працы за пяць мінулых гадоў, вялікую ўвагу надалі далейшаму развіццю беларускай літаратуры, якая была і застаецца крыніцай духоўнага развіцця народа і краіны. Нездарма ў сваім звароце да іншых грамадскіх арганізацый сябры СПБ заклікалі “ўсе творчыя сілы да больш актыўнай кансалідацыі і далейшага плённага служэння сваім мастацтвам і майстэрствам роднай краіне ды мудрым, міралюбівым беларусам”. Бо толькі добрасумленная стваральная праца “служыць асновай для таго, каб Беларусь заставалася незалежнай і суверэннай дзяржавай, адказнасць за будучыню якой нясе кожны з нас”.
Новым старшынёй Саюза пісьмен-нікаў Беларусі быў абраны дырэктар выдавецкага дома “Звязда”, вядомы айчынны краязнавец Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. На гэтай пасадзе ён змяніў Мікалая ЧАРГІНЦА, які кіраваў з моманту ўтварэння арганізацыі ў 2006 годзе. Дэлегаты прагаласавалі і за новы склад прэзідыума. У яго ўвайшлі 16 чалавек, у тым ліку віцэ-кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Ігар ЛУЦКІ, міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ, старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай ІВАНОЎ.
Вынік творчасці айчынных аўтараў унушальны: толькі за мінулы год яны выдалі каля пяці тысяч найменняў кніг. Таму нездарма калі на наступны дзень распачалася XXIХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з айчыннымі выдавецтвамі, ілюстратарамі, творчымі калектывамі прадставіў на кніжным форуме насычаную праграму. На пісьменніцкай пляцоўцы традыцыйна выступіла і берасцейская літаратурная суполка на чале з яе старшынёй Таццянай ДЗЕМІДОВІЧ.
Слоганам кірмашу сталі словы “Кніга — рака часу Бацькаўшчыны”. Унікальны праект — прэзентацыя распрацаванага сёлета вечнага календара на аснове архіўных фатаграфій і паштовак, у тым ліку і з нашага краю. Асаблівае месца ўдзялялася беларускім песнярам — Янку Купалу і Якубу Коласу, якім сёлета споўнілася б 140 гадоў.
Свае юбілеі адзначаюць таксама дзве арганізацыі, якія выступаюць сувязным звяном паміж аўтарам і чытачом. Экспазіцыяй найлепшых кніг, выдадзеных за 50 гадоў, адзначыла свой паўвекавы юбілей “Мастацкая літаратура”. На сустрэчу з чытачамі і прэзентацыю новых кніг прыйшлі вядомыя сучасныя пісьменнікі. Яшчэ адна значная экспазіцыя “Стагоддзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі” была прысвечана векавому юбілею галоўнай чытальні нашай краіны. Прайшла прэзентацыя ўнікальных кніжных выданняў і сучасных праектаў, годных стаць сапраўдным скарбам на паліцах тых, хто любіць і ганарыцца мінулым і сучаснасцю сваёй Айчыны.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: дэлегацыя Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на XXV з’ездзе СПБ.