Напрыканцы мінулага тыдня ва ўстановах адукацыі і выхавання Жабінкаўшчыны разглядалася пытанне пра дзейнасць прафсаюзных пярвічак па грамадскім кантролі за выкананнем заканадаўства аб ахове працы.
На працягу двух дзён, 16 і 17 снежня, школы і дзіцячыя сады раёна наведаў галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Шырынга.
Сумесна са старшынёй галіновага райкама прафсаюза Людмілай Валетавай ён найперш наведаў Ракітніцу. У аграгарадку дэлегацыя пабывала ў мясцовай сярэдняй школе, дзе сустрэлася з дырэктарам Жаннай Прыхожка і кіраўніком прафкама Святланай Цяльпук. Затым госця з горада над Бугам віталі ў Ракітніцкім дзіцячым садзе загадчык установы Вольга Гацкевіч і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Алена Ларыёнава.
У абедзвюх адукацыйных установах ладзілася зацікаўленая размова, якая тычылася жыццёва важных пытанняў, звязаных з зімовым перыядам. Прынамсі, удзялялася ўвага таму, як выконваецца тэмпературны рэжым у памяшканнях, дзе выхоўваюцца і атрымліваюць веды хлопчыкі ды дзяўчынкі. Не ў меншай ступені галоўнага тэхнічнага інспектара працы цікавіла, наколькі адпавядаюць нарматыўныя дакументы тым зменам, што адбываюцца ў заканадаўстве краіны.
Грамадскім кантролем за гэтыя два дні былі таксама ахоплены ўстановы адукацыі ў райцэнтры, Крыўлянах, Мацеевічах. Гэта першая гарадская школа, дзе прафсаюзную пярвічку ўзначальвае Алена Філіманюк; яслі-сад № 3 у Жабінцы (старшыня прафкама Алена Кадлубовіч); Крыўлянская адзінаццацігодка, у якой прафсаюзнай арганізацыяй кіруе Марыя Кульгаўчук; Маціевіцкая базавая школа (тут на чале пярвічкі знаходзіцца Аксана Лугоўская).
У час сустрэч, якія насілі рабочы і добразычлівы характар, кіраўнікі мелі магчымасць задаць Івану Іванавічу пытанні. Абласны спецыяліст, умудроны шматгадовым вопытам, ахвотна даваў кансультацыі, аказваў патрэбную дапамогу.
Анатоль РОСТАЎ
Главные новости
