Метадыст Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Данілюк прымяняе ў сваёй дзейнасці розныя формы работы з педагогамі, якія павышаюць іх прафесійную кампетэнтнасць, актывізуюць творчую дзейнасць, матывуюць да самаразвіцця і самарэалізацыі. З такою мэтай быў арганізаваны дыскусійны кінаклуб, які працаваў на працягу двух гадоў. Яго наведвалі 12 педагогаў дашкольных устаноў раёна.
Як падзялілася Вольга Генадзьеўна, такая форма работы была выбрана невыпадкова. На яе думку, педагагічная дзейнасць вельмі падобная на рэжысёрскую, бо там і тут мы можам назіраць сапраўднае мастацтва. Работа на ўроку, як і работа над фільмам, патрабуе высокага майстэрства і натхнення. Добрае кіно дае цікавую інфармацыю для роздуму, разважанняў і абмеркаванняў з калегамі. Вядомы савецкі кінарэжысёр Сяргей Герасімаў гаварыў: “Вакол кожнага фільма можна правесці дыскусію, якая будзе садзейнічаць росту не толькі эстэтычнаму, але і грамадзянскаму”.
Наведвальнікі кінаклуба паглядзелі шэсць стужак, што былі падабраны і прапанаваны метадыстам. Палова ўдзельнікаў вылучыла фільм “Паляванне” рэжысёра Томаса Вінтэрберга. Яго сюжэт настолькі шматгранны, што ў ім цяжка назваць асноўную праблему. Тут і заўсёды занятыя бацькі, якія ўспамінаюць пра свой абавязак толькі тады, калі патрэбна пакараць крыўдзіцеля дзіцяці, але абсалютна не жадаюць прысвяціць яму хоць крышачку свайго вольнага часу. І фальшывая дружба нібыта лепшых сяброў, якія ведаюць цябе гэтак жа добра, як і сябе, але адварочваюцца пры сустрэчы на вуліцы, калі ў цябе ўзнікаюць праблемы.
Падобныя выпадкі ўсё часцей адбываюцца ў нашым жыцці. Рэжысёр змог улавіць павевы часу і зняць надзвычай эмацыянальны фільм, які нікога не пакідае раўнадушным.
Шмат розных меркаванняў выклікала кінастужка Фрэдзі Мюрэра “Вітус”. Яна расказвае пра хлопчыка-вундэркінда і яго клапатлівых бацькоў, якія ў пагоні за будучай славай для сына-піяніста забываюць, што ён проста дзіця, пазбаўленае свабоды, часу, сяброў, гульняў.
Кінастужку рэжысёра Міка Джэксана “Тэмпл Грандзін” клубаўцы далучылі да тых фільмаў, якія паглыбляюць і прасвятляюць бачанне свету. Яна біяграфічная, прысвечаная дзіўнаму лёсу жанчыны-аўтыста, якая пераадолела амаль безнадзейныя ўнутраныя і знешнія бар’еры, зрабіла бліскучую навуковую кар’еру, напісала мноства прац па псіхалогіі і заатэхніцы, увасобіла свае веды ў цэлы шэраг вынаходніцтваў, што атрымалі шырокае выкарыстанне ў абедзвюх сферах.
Пасля прагляду і абмеркавання гэтага фільма клубаўцы, апранутыя ў адзенне сіняга колеру — сімвала праблемы аўтызму, зрабілі сумеснае фота (на здымку). Яно будзе размешчана ў сацыяльных сетках “УКантакце” і “Фэйсбук” пад хэштэгам #2красавіка ў Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі аб праблеме аўтызму. Тым самым падтрымаюць міжнародны флэшмоб, далучыцца да якога можаце і вы, паважаныя чытачы.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся наведвальнікі дыскусійнага кінаклуба.
Ірына ШКАДЗЮК, кіраўнік фізвыхавання ясляў-сада № 5 Жабінкі:
— Кожны фільм для прагляду ўмела падбіраўся нашым кіраўніком, меў глыбокі сэнс і ўздымаў важныя праблемы педагогікі і ўзаемаадносін людзей. Падчас абмеркавання мы актыўна выказваліся, спрачаліся і ў сумесным дыялогу нараджаліся цікавыя высновы. Глыбей пранікнуць у задуму кінафільма, раскрыць вобразы і характары персанажаў дапамагалі падрыхтаваныя метадыстам тэсты, практыкаванні. Вольга Генадзьеўна рэкамендавала мастацкую літаратуру па тэме, рыхтавала памяткі. Нашы пасяджэнні праходзілі ў добразычлівай атмасферы, падчас іх мы абменьваліся ведамі, ідэямі і метадамі работы. Яны далі многае: магчымасць паглядзець на педагогіку з розных бакоў, стаць больш дасведчанымі ў пытаннях выхавання і больш чулымі.
Іна НОУР, выхавальнік ясляў-сада аграгарадка Ленінскі:
— Лічу дыскусійны кінаклуб карыснаю знаходкаю для педагогаў. Дзякуючы такой форме работы ў нас з’явілася выдатная магчымасць ва ўтульнай нязмушанай атмасферы аднадумцаў паглядзець фільмы, у якіх уздымаюцца і раскрываюцца пытанні выхавання, навучання, зносінаў. Падчас абмеркавання стужкі мелі магчымасць выказаць сваё меркаванне, пачуць іншых, агаліць праблемы, знайсці шляхі іх вырашэння. Кінастужкі, з якімі пазнаёміліся, раю для прагляду калегам і бацькам. Іх разнастайная тэматыка дазваляе кожнаму знайсці штосьці важнае для сябе, над чым варта задумацца.
Таццяна ЗАРБАІЛАВА, кіраўнік фізвыхавання ясляў-сада № 1 Жабінкі:
— Фільмы, якія паглядзелі падчас пасяджэнняў кінаклуба, пакінулі незабыўныя ўражанні. Вельмі добрая ідэя з дапамогай кіно звярнуць увагу на праблемы, якія заўсёды існавалі і ёсць цяпер ва ўзаемаадносінах людзей, у выхаванні і навучанні дзяцей. Як вядома, педагогу даводзіцца працаваць з рознымі выхаванцамі: адоранымі, тымі, у каго асаблівасці ў псіхафізічным развіцці, так званымі цяжкімі падлеткамі. Вялікае мастацтва кіно ўздымае гэтыя праблемы, якія часам не бачым, прымушае нас задумацца, не пакідае раўнадушнымі, дае адказы на пытанні, паказвае выйсце з пэўнай педагагічнай або канфліктнай сітуацыі — і гэта вельмі важна. Асабліва цікавым было абмеркаванне кінапраглядаў, дзе мы аналізавалі канкрэтныя выпадкі супярэчлівага характару, прыводзілі прыклады са сваёй практыкі, дзяліліся набыткамі. Заўсёды з нецярпеннем чакалі нашых сустрэч, за што вялікі дзякуй кіраўніку кінаклуба Вользе Данілюк.
Наведвальнікі кінаклуба і яго кіраўнік шчыра ўдзячныя дырэктару раённай кінавідэасеткі Валерыю Зубіку і калектыву прадпрыемства за дапамогу ў падборы фільмаў, іх дэманстрацыю, а таксама цёплую душэўную атмасферу, якую яны стваралі кожны раз, калі педагогі наведваліся ў “Юбілейны”.
Алёна НІКАНЧУК
Главные новости
