Кемлівыя і спрытныя на “Шляху да Перамогі”

Адной са старонак насычанай праграмы святкаванняў, якія ладзіліся ў Жабінцы 9 мая, стаў патрыятычны маладзёжны квэст, арганізаваны раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “БРСМ” сумесна з рэдакцыяй “Сельскай праўды”.
У спаборніцтве, якое атрымала назву “Шлях да Перамогі”, паўдзельнічалі чатыры каманды гарадскіх навучальных устаноў: СШ № 1, СШ № 2, СШ № 3 і школы-інтэрната.
Каб высветліць, хто лепш ведае ваенную гісторыю, на якую багата Жабінка, удзельнікам давялося праявіць не толькі спрыт, але і кемлівасць.
Каманды павінны былі адолець пяць заданняў. Найперш патрабавалася нанесці на план гарадскога парку, які атрымалі капітаны, новы гістарычны аб’ект, што нядаўна з’явіўся на карце Жабінкі. Без прамаруджвання ўдзельнікі вызначылі, што на схеме не хапае каменя-валуна. Ён быў усталяваны ў гонар заснавання вясной 1956 года нашага гожага парку.
Другое пытанне тычылася колішняга старшыні райвыканкама Мікалая Няразіка. Менавіта Мікалай Мікалаевіч быў ініцыятарам узнікнення парку, а ў вайну змагаўся на фронце, вызваляючы Жабінку. Удзельнікі квэсту, хоць і з падказкамі, усё ж адказалі, што наш горад у ліпені сорак чацвёртага ачысцілі ад акупантаў байцы І Беларускага фронту.
Наступным крокам да перамогі для школьнікаў стала расшыфроўка назвы вуліцы Камуністычнай. Яны паспяшаліся туды невыпадкова, паколькі ў час акупацыі на ёй месцілася Жабінкаўскае гета, цалкам знішчанае карнікамі.
Надоўга затрымлівацца на месцы гэтых трагічных падзей бракавала часу: у далейшую дарогу каманды клікалі таямнічыя канверты з пазнакай: “Цалкам сакрэтна. Ускрыць каля Вечнага агню”. Заданне, якое захоўвалася ўнутры гэтых пасланняў, нагадвала, што Вечны агонь запальваецца ў Жабінцы двойчы на год — 9 мая і 21 ліпеня. Прыемна, што хлопчыкі і дзяўчынкі адразу вызначылі, якія важныя гістарычныя падзеі адбыліся ў гэтыя дні. 21 ліпеня 1944 года прыйшло вызваленне на жабінкаўскую зямлю, а ў пераможным маі сорак пятага сцяг волі залунаў над усёй Еўропай.
Вынікі спаборніцтва, якія падвялі пасля фінішу першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Кацярына Андрасюк і гісторык-краязнаўца Анатоль Бензярук, паказалі: не толькі спрытныя ногі патрэбна мець для перамогі. Таму лепшымі сярод лепшых сталі ў той дзень вучні з першай гарадской (на здымку), дыплом ІІ ступені атрымалі прадстаўнікі каманды СШ № 3, на трэцім прызавым радку ў выніковай табліцы размясціліся юныя знаўцы гісторыі роднага краю са школы-інтэрната. Пераможцы, акрамя дыплома, атрымалі ад маладзёжнай арганізацыі яшчэ і прыемныя сувеніры.
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара