Кавалер палкаводчага ордэна

Анатоль БЕНЗЯРУК.

У 1959 годзе, калі будаваўся мемарыял на Піскароўскіх могілках, да паэткі Вольгі Бергольц, якая перажыла жахі Ленінградскай блакады, звярнуліся з просьбай напісаць верш, прысвечаны загінулым ленінградцам. Апошні радок твора “Ніхто не забыты, нішто не забыта!” стаў крылатым. Яго шматкроць паўтарылі на помніках і на паперы.
Аднак у жыцці нярэдка бывала інакш. У 1999-м пабачыла свет раённая кніга “Памяць”. За дзесяцігоддзі стала відавочна: у спісах, прысвечаных Вялікай Айчыннай, безліч недакладнасцяў і пропускаў, асабліва ў адносінах да тых, хто ваяваў, вярнуўся дамоў, але так і не патрапіў на старонкі “гісторыка-дакументальнай хронікі”.
Сёння “СП” пачынае рубрыку, аздобленую словамі, напісанымі 60 год таму. Пакрыху з нагоды 75-х угодкаў вызвалення Жабінкаўшчыны будзем успамінаць забытых.

ПЕРШЫМ У СПІСЕ, па праве, павінен стаяць нара-джэнец Старога Сяла Уладзімір РАНДА (1925–1990), які вярнуўся з вайны ардэнаносцам, працаваў і дажываў свой век у Азятах. Ягонае прозвішча ў 500-старонкавай “Памяці” нават не згадваецца. А між тым, Уладзімір Рыгоравіч адзіны жабінкавец, узнагароджаны палкаводчым ордэнам.
Нагадаем, у 1942–1944 гадах у СССР былі ўведзены шэсць ордэнаў з выявамі военачальнікаў мінулых часоў — Суворава, Кутузава, Аляксандра Неўскага, Багдана Хмяльніцкага, Ушакова і Нахімава.
Сярод пералічаных ордэн Хмяльніцкага меў дзве важныя асаблівасці: ён адзіны, на якім надпіс быў зроблены не на рускай мове (па-ўкраінску); ён таксама адзіны савецкі палкаводчы ордэн, трэцюю ступень якога маглі атрымаць радавыя Чырвонай Арміі і партызаны. Таму гэтую ўзнагароду на сваім кіцелі насілі і легендарныя генералы Іван Чарняхоўскі ды Сідар Каўпак, і жабінкавец Уладзімір Ранда.
Да слова, гэта не першая высокая адзнака нашага зямляка за вайну. Прызваны 9 жніўня 1944 года Жабінкаўскім РВК у Чырвоную Армію, ён патрапіў на
І Беларускі фронт, быў залічаны ў 1283 стралковы полк 60-й Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі, што ўваходзіла ў склад 47-й арміі. Ужо праз два месяцы чырвонаармеец-стралок першай роты Уладзімір Ранда вызначыўся ў баі і быў узнагароджаны 24 кастрычніка 1944-га, бадай, самым ганаровым салдацкім ордэнам Славы ІІІ ступені. Неўзабаве Уладзімір Рыгоравіч стаў малодшым сяржантам, камандзірам аддзялення, а
6 сакавіка 1945 года ягоныя грудзі ўпрыгожыў і ордэн Багдана Хмяльніцкага ІІІ ступені.
Ужо пасля вайны, калі ў Савецкай краіне шырока святкавалася 40-годдзе Вялікай Перамогі, да баявых узнагарод ветэрана дадаўся і юбілейны ордэн Айчыннай вайны І ступені (адпаведны загад быў падпісаны 6 красавіка 1985 года тагачасным Міністрам абароны СССР Маршалам Савецкага Саюза Сяргеем Сакаловым).