Кастрычнік яркі: пяць святаў юбіляркі

Кастрычнік багаты на святы для жыхаркі Жабінкі Веры Кузьмінічны Мурынай. Пра гэта рэдакцыі расказалі ў Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Першага кастрычніка ў Беларусі адзначалі Дзень пажылых людзей, да ліку якіх адносіцца паважаная Вера Кузьмінічна. Улічваючы, што ўсё жыццё жанчына працавала настаўніцай пачатковых класаў у горадзе над Бугам, то Дзень настаўніка, несумненна, таксама яе свята. Пятага кастрычніка Вера Кузьмінічна адзначыла свой шаноўны 95-гадовы юбілей. Зусім хутка, праз пару дзён, мы будзем святкаваць Дзень маці. Юбілярка вырасціла і выхавала дваіх цудоўных дзяцей, якія падарылі ёй унукаў. Яны абавязкова павіншуюць матулю і бабулю з гэтым светлым святам, якое яна таксама лічыць сваім.
“І, нарэшцэ, сёлета споўнілася дзесяць гадоў нашага супрацоўніцтва, — заўважыла загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Жабінкаўскага ТЦСАН Алена БОЙКА, — бо летам 2012 года Вера Кузьмінічна Мурына папоўніла шэрагі тых, хто абслугоўваецца нашым аддзяленнем”.
Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра і калектыў раённай газеты “Сельская праўда” зычаць вам, Вера Кузьмінічна, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Стагадовы юбілей не за гарамі!
Наталля СНЕЖАНЬСКАЯ