КАСЦЕВІЧ: ДЗЯРЖАВА СТАРАЕЦЦА СТВАРЫЦЬ ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ З ІНВАЛІДНАСЦЮ ЎСЕ ЎМОВЫ ДЛЯ ПАЎНАЦЭННАГА ЖЫЦЦЯ

Прыярытэтнымі задачамі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў апошнія гады стала стварэнне для людзей з інваліднасцю ўсіх умоў для паўнацэннага жыцця ў соцыуме. Такім меркаваннем з журналістамі падзялілася міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у час круглага стала па тэме «Сацыяльная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў», што прайшоў сёння ў Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры.
«У час рэалізацыі праграмы сацыяльнай падтрымкі за бягучую пяцігодку была праведзена вялікая работа па многіх напрамках. Адной з прыярытэтных задач дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі з’яўляецца абарона людзей з інваліднасцю. Ёй удзялялі шмат увагі ў апошнія гады, але і ў далейшым плануем працаваць над стварэннем камфортных умоў для інвалідаў, якія жывуць у краіне», — расказала Ірына Касцевіч.
За перыяд з 2016 па 2020 год больш за Br13 млрд накіравалі на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама на выплату пенсій, дапамог па доглядзе інвалідаў I групы і аказанне падтрымкі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Акрамя таго, у час рэалізацыі праграмы пяцігодкі каля Br2,3 млрд затрачана на падпраграмы «Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў», «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб», «Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грамадзян». На арганізацыю сацыяльнага абслугоўвання пайшло каля Br1,6 млрд.
«Пытанні сацыяльнай абароны інвалідаў застаюцца актуальнымі ў палітыцы беларускай дзяржавы. На наступную пяцігодку падрыхтавана ўжо новая дзяржпраграма «Сацыяльная абарона», у рамках якой рэалізуем дзве падпраграмы — «Сацыяльнае абслугоўванне і сацыяльная падтрымка» і «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб». Агульны аб’ём фінансавання складзе больш за Br4 млрд», — падкрэсліла Ірына Касцевіч.
Павышаць якасць жыцця інвалідаў у бліжэйшай перспектыве будуць па некалькіх напрамках. Гэта стварэнне ўмоў для атрымання асобамі з абмежаванымі магчымасцямі адукацыі, а таксама наступнае працаўладкаванне па атрыманай спецыяльнасці. Удзеляць увагу паляпшэнню якасці і эфектыўнасці рэабілітацыйных мерапрыемстваў, прадоўжаць павышаць узровень даступнасці для інвалідаў аб’ектаў сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, жылых памяшканняў.
У час круглага стала Ірына Касцевіч таксама абмеркавала з бацькамі дзяцей-інвалідаў як дзеючыя, так і плануемыя меры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, дзе выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

БелТА