Касавіца не меней важная, чым уборка зерневых і зернебабовых. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў разумеюць гэта і працуюць з поўнай аддачай. Першы ўкос на Жабінкаўшчыне завершаны, травы ўбраны з усёй плошчы. У выніку ў траншэі закладзены выдатны сакавіты корм, а тыдзень сухога сонечнага надвор’я дазволіў механізатарам накасіць і высушыць водарнае сена. А маючы якасныя кармы, можна чакаць высокую аддачу ў жывёлагадоўлі.
Падвядзенне першага этапу касавіцы стала прыемным момантам для многіх яе ўдзельнікаў. Механізатары Ігнат Шыкунец, Фёдар Нікіцюк і Аляксандр Стоцік (ААТ “Вазнясенскі”) адзначаны Пісьмамі падзякі і каштоўнымі падарункамі райкама прафсаюза работнікаў АПК. Яго старшыня Любоў Каберна разам з намеснікам начальніка райсельгасхарчу Валерыем Андраюком ўзнагародзілі таксама Івана Краўчука, Уладзіміра Буневіча і Аляксандра Краўчука з ААТ “Рагазнянскі”. Віншаванні, Пісьмы падзякі раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і райсельгасхарчу, а таксама каштоўныя падарункі прымалі ў ААТ “Ракітніца” Юрый Лавецкі і Генадзь Стэльмашук. Усе гэтыя механізатары з кагорты тых, што працуюць бездакорна, тэхніку шануюць і ў полі гатовыя рупіцца ад світання да змяркання.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

