Каралевай кірмашу стала бульба

Ні халодны пранізлівы вецер, ні дождж, які пачаў накрапваць бліжэй да паловы дня, не перашкодзілі адбыцца другому сельскагаспадарчаму кірмашу ў Жабінцы. Наведвальнікаў, на маё здзіўленне, было больш, чым падчас першага, што прайшоў
9 кастрычніка. Ці то жабінкаўцаў завабілі абяцаныя танныя кошты на бульбу, ці шырокі асартымент прадукцыі і добрая рэклама.
Так ці інакш, але ў суботу 23 кастрычніка на гарадской плошчы было шматлюдна і шумна. Сюды з’ехаліся вытворцы з многіх куткоў Брэстчыны, Міншчыны, Гродзеншчыны і Віцебшчыны. Сваю прадукцыю прапаноўвалі 54 гандлёвыя суб’екты (у мінулы раз 36).
Каралевай кірмашу, несумненна, стала бульба. ААТ “Хмелева” прапаноўвала гатункі “вектар” і “ўладар” па 65 капеек за кілаграм. Таму першая машына гаспадаркі апусцела ў імгненне вока, сабралася чарга, якая чакала другі аўтамабіль. Пакуль стаялі, паразмаўляла з жадаючымі набыць другі хлеб па больш таннай цане, бо па 80 капеек непадалёк бульбу сорту “гала” прапаноўвалі фермеры з Азят і прыватнік з вёскі Ёжыкі.
Жыхарка Жабінкі Святлана Карпава выказала падзяку раённаму кіраўніцтву і дырэктару ААТ “Хмелева” Барысу Парафенюку за магчымасць набыць бульбу па прывабным кошце. Святлана Пятроўна штогод купляе другі хлеб, вырашчаны менавіта хмелеўскімі рупліўцамі, і заўжды задаволена яго смакам і якасцю.
Вера Мандрэнка завітала на кірмаш, каб запасціся на зіму не толькі бульбай, але й перцам, цыбуляй ды памідорамі. Першы можна было знайсці па 3,50 рубля за кілаграм, другую — па 90 капеек і за рубель, трэція — ад 3,50 да 5 рублёў. Вера Пятроўна не прапусціла і першы продаж сельгаспрадукцыі, дзе затарвалася капустай і буракамі. Дарэчы, капусты на другім кірмашы было малавата. Фермерская гаспадарка “Карнішон” прапаноўвала яе па 85 капеек за кілаграм, і расхапілі “герцагіню” вельмі хутка, давялося падвозіць. Моркву і буракі можна было купіць па 90 капеек, сакавітыя яблыкі — ад рубля і вышэй. Іх прапаноўвалі многія прадаўцы, але найбольшы выбар быў у “ЯКВІЛА”, дзе можна было затарыцца й сокам на любы густ.
Кірмаш на тое і кірмаш, каб тут можна было набыць усё, што душа пажадае. Напрыклад, жыхарка былога Сцяброва Марыя Кавальчук купіла бульбу, моркву, капусту і падзялілася, што грузчыкі паабяцалі даставіць ёй гародніну дадому. Акрамя таго, жадаючыя маглі скарыстацца паслугамі сацыяльнага таксі ад тэрытарыяльнага цэнтра, а валанцёры атрада “Добрае Сэрца” дапамагалі пагрузіць мяхі ў аўтамабілі і на веласіпеды.
Не змяншалася чарга і каля аўтамабіля з жывой рыбай. Аматары маглі набыць люстраных карпаў, амураў, карасёў, таўсталобікаў. Жабінкавец Дзмітрый Чыжоў, выбіраючы карпаў-прыгажуноў, падзяліўся, што вельмі задаволены кірмашом, бо прыдбаў тут і гародніны, і садавіны, і рыбы. А вось Валерый Мацвяюк на гэты раз завітаў на кірмаш па журавіны і знайшоў іх у некалькіх месцах: па 6 рублёў за слоічак і па 8 — за кілаграм.
А да кіслых журавін абавязкова патрэбен салодкі цукар, які і на гэты раз прапаноўваўся работнікамі завода па кошце ніжэйшым, чым у гандлёвай сетцы раёна, — па 1,54 рубля. З саладосцяў нельга не адзначыць усходнія ласункі (чурчхелу, пахлаву, халву), якія прапаноўвалі віцебскія гандляры, а да іх — разнастайныя гарбаты. Была тут і “Кацярына Вялікая”, і “Граф Арлоў”, і “Сакрэты гейшы”, і многія іншыя — на любы густ.
У цэлым асартымент прадукцыі на гэты раз быў намнога шырэйшы: разнастайныя кармы прапаноўваў камбікормавы завод, зерне — “АграАзяты”, “Мацеевічы”, “Жабінкаўскі” і ЖКГ, асеннія і зімовыя шапкі — баранавіцкія госці, біжутэрыю і сувенірную прадукцыю — жабін-каўскія, берасцейскія і віцебскія прыватнікі.
Не абышлося на кірмашы і без саджанцаў ды кветак. Іх было вельмі шмат і ўсялякіх. Напрыклад, Вольга Новак з Жабінкі набыла звыш пяці хрызантэм розных відаў, а Аляксандр і Тамара Бжоскі прыдбалі саджанцы сліў, персіка, чорных парэчак, а таксама моркву, буракі, яблыкі і мёд. Яны не шкадавалі слоў пахвалы і эпітэтаў другому жабінкаўскаму кірмашу, дзе купілі ўсё, што планавалі.
Што тычыцца мёду, у чарзе па які мы і разгаварыліся з сямейнай парай Бжоскаў, то ён ліўся ракою: і грэцкі, і ліпавы, і лясны, і акацыевы. Прапаноўвалі салодкі лекавы ласунак Часлаў Янкоўскі з Ленінскага, Аляксандр Беларус з Віцебшчыны і многія іншыя гандляры. Жадаючыя спрабавалі і куплялі, немагчыма было адарвацца ад гэтай смакаты.
Пакупнікі не праходзілі міма сям’і Раманюкоў, дзе ад кансервацый, саленняў вочы разбягаліся. Тут вам і часнок марынаваны ды свежы, агурочкі з бочкі, перчыкі з цяпліцы: было на што падзівіцца! З пустымі рукамі вярнуцца з кірмашу было немагчыма.
Падчас гутаркі з жабінкаўцамі, што завіталі ў суботу на гарадскую плошчу, прыйшла да высновы, што яны засталіся задаволеныя асартыментам прадукцыі. Вельмі многія выказаліся за правядзенне трэцяга кірмашу, пажадана ў наступную суботу. Былі і прапановы, каб у далейшым такія смачныя мерапрыемствы праходзілі кожныя выхадныя кастрычніка. Вы згодны?
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Святланы КІСЛАЙ