Каралеўскі прыём лепшых майстроў пяра

Косаўскі палацава-паркавы комплекс, што ў Івацэвіцкім раёне, у чацвер прымаў журналісцкі дэсант. Толькі на гэты раз пішучая і фатаграфуючая братыя з усёй вобласці прыехала не каб расказаць і паказаць, як папрыгажэў адрэстаўраваны комплекс, а на ўрачыстасць у гонар “акул пяра і клавіятуры”. Штогадовае спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, журналістаў Брэсцкай вобласці — гэта выдатная магчымасць сабрацца разам, абмяняцца вопытам, парадавацца поспехам калег і павіншаваць з перамогай!
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава, адкрываючы сустрэчу ў шыкоўна прыбранай Белай зале Палаца Пуслоўскіх, адзначыла:
— Наша краіна ганарыцца сваімі журналістамі. Я кажу вам “дзякуй” за тое, што вы ўжо зрабілі і што яшчэ будзеце пісаць. Няхай вам спадарожнічае поспех і творчае натхненне. Галоўны наш крытык — чытач і глядач. Трэба нямала намаганняў, майстэрства, жыццёвай энергіі, пастаяннага самаўдасканальвання, каб даносіць інфармацыю і спраўджваць давер адрасатаў. І вам гэта ўдаецца! Журналістыка Брэстчыны стала больш сучаснай і аператыўнай. Што хочацца вам пажадаць? Пэўна, каб пе-раможцаў гэтага конкурсу ў наступным го-дзе стала яшчэ больш!
Таццяна Міхайлаўна ўручыла заслужаныя ўзнагароды лепшым журналістам і рэдакцыям. Напрыклад, сярод абласных газет пераможцай прызнана “Зара”, сярод раённых — “Савецкае Палессе”, сярод гарадскіх — “Брэсцкі веснік”. Узнагароды абласнога ўзроўню атрымалі амаль тры дзясяткі лепшых журналістаў вобласці. Дасталася ўзнагарода і самай юнай удзельніцы конкурсу — 11-класніцы абласнога ліцэя імя Пятра Машэрава Лізавеце Цэбрук — яна прызнана лепшым юнкарам Брэстчыны.
Таксама не забыліся арганізатары і пра тых, хто сваё жыццё прысвяціў у свой час журналістыцы, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Граматы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Саюза журналістаў за шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм і адданасць журналісцкай прафесіі атрымалі Разалія Карпеш, Віктар Рэчыц і Святлана Вішнеўская, якая шмат гадоў паспяхова кіравала “Сельскай праўдай”.
Граматай Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за папулярызацыю беларускай літаратуры, падтрымку маладых аўтараў, значны ўклад у развіццё мясцовай літаратуры, ініцыятыўнасць, яркае і прафесійнае асвятленне мерапрыемстваў Саюза пісьменнікаў Беларусі на старонках газеты “Сельская праўда” ўзнагародзілі вядучага карэспандэнта раёнкі Анатоля Бензерука.
Пасля ўрачыстай цырымоніі журналісты змаглі атрымаць асалоду ад наведвання залаў Косаўскага палацава-паркавага комплексу. Велічны звонку, ён такі ж цудоўны і ўнутры. За сваю гісторыю Палац Пуслоўскіх зведаў пад’ёмы, інтрыгі, здрады, багатыя прыёмы. Сюды з’язджалася заможная знаць на балі, паляванні, адпачынак. На жаль, пэўны час па 88 пакоях гуляў вольны вецер. Цяпер тут кіпіць жыццё, штодня прыязджаюць турысты, каб падзівіцца на веліч і прыгажосць Косаўскага палаца. Побач з ім на ўзгорку месціцца мемарыяльны музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Журналісты з цікавасцю пазнаёміліся з гісторыяй гэтай цудоўнай мясціны падчас экскурсіі.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара