Нездарма ў народзе кажуць: «Калі справа па душы, то і праца спорыцца». Гэта цудоўна разумеюць у ААТ “Вазнясенскі”. Гэты калектыў налічвае нямала дбайных спецыялістаў, якія ўсё робяць для памнажэння дабрабыту роднай гаспадаркі. Штогод у іх кагорту ўліваюцца маладыя спецыялісты, якія з ахвотай і запалам рупяцца тут. Кацярына ЖЫВАТОВА — адна з іх. Дзяўчына зусім нядаўна ўлілася ў калектыў і ўжо заслужыла давер ды павагу калег.
— Прыйсці працаваць менавіта сюды мне параіла сяброўка, якая тут рупіцца,— кажа Кацярына Рыгораўна. — Калі яшчэ вучылася ў Пінскім аграрным тэхналагічным каледжы, трапіла ў “Вазнясенскі” на практыку. Вельмі спадабалася, як тут наладжана прафілактыка і схемы лячэння статка, парадак на тэрыторыі, адносіны да спецыялістаў. Таму ні хвіліны не вагалася, куды адправіцца працаваць, атрымаўшы доўгачаканы дыплом.
Цяпер Кацярына Жыватова — ветэрынарны фельчар фермы “Агароднікі”. Дзяўчына з цеплынёй у голасе расказвае пра дапамогу ёй, маладому спецыялісту, з боку больш вопытных калег. Кожную раніцу яна спяшаецца на ферму. У яе абавязках — лячэнне цялят і дойных кароў, вакцынацыя, праца з дакументамі. Ёй падабаецца назіраць за жывёламі, іх настроем, лячыць захварэлых рагуль.
— Ні кропелькі не пашкадавала, што прыйшла працаваць менавіта ў “Вазнясенскі”, — адзначае Кацярына Жыватова. — Лекаў хапае, узаемаразуменне з кіраўніцтвам, умовы створаны выдатныя, знайшла сяброў.
Хто ведае, мо гэтая жвавая дзяўчына з русаю касою ды іскрынкамі ў вачах знойдзе тут не толькі справу па душы, але і сваю другую палавінку?
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
Главные новости
