Калі скончылася вайна…

Сёння — 75 гадоў, як скончылася самая кровапралітная і разбуральная ў гісторыі чалавецтва вайна. Другая сусветная пачалася ў першы восеньскі дзень 1939 года на захадзе і завяршылася праз шэсць гадоў і адзін дзень на далёкім усходзе, калі прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, СССР, Кітая, Францыі, Канады, Нідэрландаў, Аўстраліі і Новай Зеландыі падпісалі 2 верасня сорак пятага акт капітуляцыі Японскай імперыі. Ахвяры ліхалецця ўражваюць дасюль: каля 70 мільёнаў чалавек, сярод іх — больш за 2 мільёны жыхароў Беларусі.
На працягу амаль двух гадоў “СП” вяла праект “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Паўсотні журналісцкіх нататак выклікала цікавасць у чытачоў нават за межамі раёна. На старонках раёнкі адкрываліся новыя імёны, выпраўляліся ранейшыя памылкі, а галоўнае — са смугі дзесяцігоддзяў паўставалі людскія лёсы і ўсё менш заставалася Іванаў, пазбаўленых роднасці. У нечым сімвалічна, што сёння, у дзень, калі скончылася тая вайна, мы спыняем праект. Аднак на развітанне — яшчэ тры гісторыі пра вайну, якія сведчаць, наколькі пакручастай бывае гістарычная дарога.
1973 год. На старым фота з газеты — пасівелая жанчына, якая схілілася перад помнікам на вуліцы Кірава. Карэспандэнтка Ніна Чыкіта так апісвала гэтую сцэну: “Вусны шапталі нямым болем: “Максі-мач-ка-а-а-а”. Ад гэтага працяглага хрыплаватага “а” стыла ў грудзях. Абпаленыя сонцам, вадой і ветрам, яе рукі так пяшчотна, так па-мацярынску гладзілі зямлю, а вочы ўглядаліся так балюча, быццам гэта была не зямля, а той жывы, да каго прыйшла гэтая жанчына”.
Так раёнка распавядала пра Пелагею Галузу і яе брата Максіма Паўлавіча КАМКАРА (1906-1945), нараджэнца Старадарожскага раёна. Былі ў іх яшчэ два браты — Павел і Герасім, якія таксама прапалі без вестак на вайне.
Тады, у семдзесят трэцім, рэдакцыя прасіла дапамагчы ў пошуку: “Сястра загінуўшага байца ведае толькі месца захавання свайго брата. Якімі франтавымі дарогамі прайшоў салдат Максім Камкар, як вызваляў Жабінку?”
Пошук завяршыўся толькі ў нашы дні. Атрымалася, што радавы 165-й стралковай дывізіі Камкар не ляжыць у жабінкаўскай зямлі. Яго сваякі могуць наведаць Максімава пахаванне: ён загінуў 25 студзеня 1945 года ў Польшчы — пад Быдгашчам, дзе ёсць вёска Жабічы.
Пэўны час мелася сумненне наконт шарагоўца 67-га стралковага палка 20-й стралковай дывізіі Міхаіла Андрэевіча ФАМІНА (1906–1944). Ці сапраўды ён знайшоў апошні прытулак на Жабінкаўшчыне? Тым больш, што фурманшчык-стралок Фамін загінуў праз месяц пасля вызвалення — 28 верасня 1944 года, а месцам яго пахавання ў дакументах пазначана вёска Навасады Брэсцкага раёна. Аднайменнае паселішча маецца і ў нас, і на Пружаншчыне. Удакладніць спрэчнае пытанне дазволіла схема пахавання, складзеная начальнікам штаба маёрам Сінельнікавым. З гэтага дакумента пераканаўча відаць, што баец першапачаткова быў пахаваны на Жабінкаўшчыне.
Як бачыце, часам няпроста раза-брацца, ці мае баец дачыненне да вызвалення нашых мясцін. Мо нехта і запярэчыць: “А якая, па сутнасці, розніца? Галоўнае воін увекавечаны!” Аднак не 

забываемся: прозвішча на помніку азначае, што рэшткі байца захоўваюцца ў гэтым пахаванні. А таму раней-пазней нехта з нашчадкаў абавязкова наведае Жабінку. Напрык-лад, унучка радавога 66-га стралковага палка 61-й стралковай дывізіі Максіма Фёдаравіча МАШТАЛІРА (1908-1944), які загінуў у баі пад Сцяпанкамі 21 ліпеня 1944 года. Ужо даўно родзічы шукаюць месца смерці Максіма Фёдаравіча, раней лічылі, што яно — пад Калінінградам. Цяпер, калі расчынілі фонды ваенных архіваў, даведаліся, што іх родны чалавек пахаваны ў нашай Жабінцы. Вось толькі на вуліцы Кірава прозвішча яго “ўвекавечана” па-руску адразу з трыма(!) памылкамі: замест МАШТАЛИР — КОШТАМИР…
Напрыканцы зноў нагадаем словы Вольгі Бергольц, якія паўтараем вось ужо 75 гадоў. Мо час прыйшоў ім спраўдзіцца: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”?..
На здымках: схема пахавання радавога Міхаіла ФАМІНА;
памылковае напісанне прозвішча байца Максіма МАШТАЛІРА
на помніку ў Жабінцы.

Анатоль БЕНЗЯРУК