Мала якой беларускай сям’і пашчасціла ў вайну не страціць родных. Палілеі засталіся жывымі, хоць тое жыццё не раз вісела на валаску. Нездарма незадоўга да смерці Матрона Палілей гаварыла: “Цяпер, калі я ўспамінаю пражытыя гады, нават не верыцца, што ўсё гэта было са мною. Думаеш, як можна было ўсё гэта перанесці, адкуль толькі браліся сілы?..”
13 дзён вайны
Для малодшага лейтэнанта Афанасія Палілея вайна выдалася хуткаплыннай. Пачалася яна памятным ранкам 22 чэрвеня ў Жабінцы, калі па правадах сувязі прыляцела вестка: немцы перайшлі мяжу, Буг у агні…
Ён нарадзіўся 21 снежня 1908 года ў сям’і Лукі Палілея і Марыны Ставер на Магілёўшчыне, у вёсцы Асаўнік. Пасля войска ў 1934-м Афанасій Лукіч закончыў тэхнікум сувязі. Другі раз апрануў шынель у маі трыццаць дзявятага, напярэдадні паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
За некалькі месяцаў да пачатку Вялікай Айчыннай 459-ы полк 42-й стралковай дывізіі, у якім служыў малодшы лейтэнант-сувязіст, быў перакінуты пад Брэст. Так Афанасій Палілей апынуўся ў зялёным гожым мястэчку Жабінка. Неўзабаве да яго далучылася жонка Матрона Васільеўна з пяцігадовым Эдзікам, другім сынам Эрнэстам і зусім маленькім Сашам.
Тагачасная Жабінка жыла ў неспакойным прадчуванні. 42-я дывізія мела задачу, калі пачнуцца ваенныя дзеянні, імкліва разгарнуцца на правым флангу Брэсцкага раёна прыкрыцця. І ўсё ж вайна застала ўсіх знянацку. Байцы яшчэ спрабавалі арганізаваць абарону на рубяжы Жабінка — Федзькавічы, але беспаспяхова. Часці адыходзілі на Кобрын, Бярозу, Баранавічы, яшчэ далей на ўсход, пакуль не трапілі ў акружэнне.
4 ліпеня з варожага “катла” змагла выйсці толькі палова дывізіі. У гэты дзень Афанасій Палілей на станцыі Лясной апынуўся ў палоне, атрымаўшы замест імя-прозвішча лагерны нумар 1782.
Пасля трынаццаці дзён вайны яго чакалі гады няволі.
“Жабінка выклікала жах”
Пісьменнік Сяргей Смірноў, ствараючы кнігу “Брэсцкая крэпасць”, абмовіўся: “Назва “Жабінка” выклікала жах”. Паколькі восенню 1942 года тут чуліся шматлікія расстрэльныя каманды. У мястэчку і наваколлях, сведчаць савецкія дакументы, былі закатаваны 473 мірныя грамадзяне, нямецкія называюць лічбу ў пяць соцень.
Сярод закатаваных на Жабінкаўшчыне сем’яў камначсаставу Брэсцкага гарнізона значацца Вера Арцёмаўна Аўтушэнка (1912–1942), жонка лейтэнанта 333-га стралковага палка Паўла Аўтушэнкі, які, падобна Палілею ў першыя дні вайны трапіў у палон. Яго родныя былі забіты ў Стрыганцы.
У самой Жабінцы была знішчана сям’я лейтэнанта 62-га ўмацаванага раёна Івана Барысава: жонка Кацярына, дзеці Валя і Валодзя. Іх лёс падзялілі Кацярына Дземашкевіч з дачкой Тамарай — родныя лейтэнанта 37-га асобнага батальёна сувязі. Не пазбегнулі кары і блізкія каменданта Брэста з таго ж батальёна Сяргея Паньшына: Марыя Рыгораўна з сынамі Віктарам (1928–1942) і Уладзіславам (1931–1942).
Дасюль на гарадскіх могілак захоўваецца помнік, пастаўлены пасля вайны падпалкоўнікам Іванам Чубуком па жонцы Соф’і Фёдараўне (1907–1942), сыне Рамуальдзе (1932–1942) і сваёй пяцігадовай Святланцы.
Блізкія Навасады сталі апошнім прытулкам і месцам гібелі для жонкі старшага лейтэнанта Івана Панарына Пелагеі Іванаўны (1912–1942) і іх дзяцей Боры (1935–1942) і Вовы (1939–1942). У гэтай вёсцы з гадавалым сынам Толем таксама была закатавана Клаўдзія Пятроўна (1916–1942) — сям’я лейтэнанта Івана Гардзеева.
У сорак другім, крывавым, годзе перарвалася жыццё і 26-гадовай Людмілы Чысцяковай, жонкі старшыны пазатэрміновай службы 333-га стралковага палка Аляксандра Чысцякова. Побач з маці апошні свой спачын знайшлі двое іх сыноў, забітых карнікамі на Жабінкаўшчыне.
У гэтым пахавальным спісе маглі апынуцца і Палілеі. Аднак Матрону з дзецьмі чакаў зусім іншы лёс. У час аперацыі “Трохкутнік” ім двойчы пашчасціла выжыць.
Самая страшная ноч у жыцці
З пачаткам вайны сям’я чырвонага камандзіра знайшла прытулак у Драмлёве. Хто мог тады ўявіць, што вёска, заснаваная ў далёкім XVI стагоддзі, дажывае свой апошні год?..
Акрамя Палілеяў у Драмлёве спыніліся яшчэ некалькі ўсходнікаў: падлетак Віталь Чахлоў, Андрэй і Марыя Дроніны з сынам Вячаславам (нарадзіўся ў кастрычніку 1941 года), Афанасій Іваноў, Зінаіда Контарава, Васіль і Анастасія Міхайлавы з трохгадовай дачкой Жэняй і сынам Вячаславам. Яны перажылі Галавасек, хоць дасюль іх прозвішчы значацца сярод ахвяр драмлёўскай трагедыі.
Паліцыя забрала пашпарты ў часовых пасяленцаў, узяла іх, так бы мовіць, на аловак, забараніўшы нават часова адлучацца з вёскі.
Летам 1942 года, як пазней сведчыла Матрона Палілей і старэйшы жыхар вёскі Горкі Міхаіл Іванюковіч, раптоўна ўсіх жонак і дзяцей афіцэраў Чырвонай Арміі сагналі ў Жабінку. Жылі ўсходнікі на тэрыторыі былога гета, “ачышчанага” ад яўрэяў, па некалькі сем’яў у доме. Харчы выменьвалі або выпрошвалі ў мясцовых.
Праз доўгія гады Матрона Васільеўна ўспамінала: “27 кастрычніка нечакана з’явіліся эсэсаўцы, недзе чалавек сорак, і адзін з іх (відаць, афіцэр) на добрай рускай мове ўчыніў нам допыт. Задаваў кожнаму адно і тое ж: адкуль прыбыў? колькі гадоў муж служыў у арміі? якое яго званне і пасада? ці быў ён камуністам?”
Гэтак цягнулася да змяркання. Тых, каго паспелі дапытаць, пастроілі ў калону па пяць чалавек і пагналі за вароты. “Здранцвелыя ад страху, мы чулі аўтаматныя чэргі і разумелі: нашых расстрэльваюць, — працягвала свой цяжкі ўспамін Матрона Палілей. — З наступленнем цемені вярнуліся карнікі. Злыя, раз’юшаныя, яны загналі нас у нейкае памяшканне, а на дзверы павесілі замок. Гэта была самая страшная ноч у маім жыцці. Іншыя таксама не спалі да світання. А раніцай прыйшлі мясцовыя жандары, адамкнулі дзверы і нечакана адпусцілі нас. Так па волі лёсу мы, жменька жанчын і дзетак, цудам засталіся ў жывых”.
Такі няпросты лёс
Вайна іх разлучыла, а вызваленне аб’яднала зноў.
Без дакументаў у студзеньскі 40-градусны мароз 1943 года Матрона з трыма малымі дзецьмі дабралася да бацькоў у Крычаў.
— Магчыма, за ўсе цяжкасці, перанесеныя ў вайну, лёс усё-такі змілаваўся нада мной, — лічыла Матрона Васільеўна. — Слава Богу, вярнуўся дадому муж. Хаця потым вельмі доўга давялося яму змываць “ганьбу” за тое, што тады, у сорак першым, ён не пусціў сабе кулю ў лоб, а трапіў у варожы палон, што за чатыры гады не сканаў у фашысцкіх канцлагерах, а выжыў.
Сапраўды, пасля вызвалення 1 красавіка 1945-га з лагера, размешчанага ў горадзе Ботхамбургу, Афанасій Палілей прайшоў праверку і напрыканцы года быў дэмабілізаваны.
Сям’я жыла ў Бабруйску, дзе Афанасій Лукіч працаваў да пенсіі на лінейна-тэхнічным участку. Адзін з сыноў — Эрнест — стаў ваенным, пасля акадэміі служыў афіцэрам-танкістам, іншыя абралі рабочыя прафесіі. Пасля вайны ў Палілеяў нарадзіліся яшчэ трое дзяцей: Юра, Оля, Жэня. Аднак Афанасій Лукіч не паспеў парадавацца іх поспехам. Фашысцкі палон, пазнейшыя непаразуменні заўчасна скарацілі яму жыццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара
На здымку: месца смутку і памяці на могілках у аграгарадку Сцяпанкі, дзе ляжаць астанкі драмлёўцаў.

