Што казаць, зручная рэч інтэрнэт. Ён дазваляе не толькі паглядзець цікавую перадачу або кінафільм, але нават у імгненне вока перанесціся ў любую кропку Зямлі. Аднак завяліся ў сусветнай павуціне і такія “павучкі”, што гэтак жа імгненна могуць залезці да вас у кішэню. Сцеражыцеся інтэрнэтных злодзеяў! Тым больш што навокал нямала прыкладаў, калі карыстальнікі пацярпелі ад іх.
Так, у многіх маюцца старонкі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, а таму і шмат віртуальных сяброў, з кім актыўна перапісваюцца, дасылаюць аўдыя- і відэаматэрыялы.
Але ж раптам можа здарыцца, што на вашу старонку “УКантакце” прыходзіць паведамленне ад блізкага сябра. Тэкст прыкладна наступны: “Дружа, у мяне праблемы, калі ласка, дашлі на вось такі нумар карткі грошы”. Атрымаўшы гэткае паведамленне, вы можа і не ў курсе, што сяброўская старонка ўжо ўзламаная нядобрасумленным карыстальнікам. Вось і адгукаецеся на гэтую слёзную просьбу, нават не перазваніўшы знаёмаму. Без ваганняў перасылаеце свае кроўныя рублі, якія папрасіў “сябар”. І толькі пазней высвятляецца, што сродкі зніклі ў невядомым накірунку…
Думаеце, гэта не пра вас? А між тым, толькі за першы месяц 2019 года са скаргамі на тое, што яны папакутавалі ад інтэрнэтных злодзеяў, у райаддзел міліцыі завіталі чацвёра жабінкаўцаў.
З гэтай нагоды звяртаемся да грамадзян: будзьце пільнымі, неабыякавымі, каб і самім не стаць ахвярамі злачынцаў, і ўберагчы ад непрыемнасцяў родных ды блізкіх. Рабіце хоць самае элементарнае. Атрымаўшы падобны ліст-просьбу, звяжыцеся са сваім знаёмым, каб высветліць, ці існуюць насамрэч у яго праблемы. Каб потым праблем не было ў вас.
Ілля ХВАЛЬКО, першы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС.
Главные новости
