Час для чалавека бяжыць, як горная рака. Таму, перабіраючы старыя здымкі, заўсёды воляй-няволяй акунаешся ў мінулае, калі ты, твае сябры або блізкія-родныя былі маладымі, вясёлымі, поўнымі надзей і радасці.
Нядаўна жыхарка Жабінкі Наталля Шаўчук вырашыла зрабіць “рэвізію” сямейных фотаздымкаў. Сярод іх адшукалася чорна-белая картачка, на якой у цэнтры, у атачэнні жаночай кампаніі, змешчаны яе бацька Уладзімір Сямёнавіч Верхачуб, які працаваў аператарам цеплацэнтралі на Жабінкаўскім цукровым заводзе.
Фотаздымак адносіцца прыкладна да 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Дакладней год ужо не вызначыш, хіба толькі зразумела па вопратцы людзей і дрэвах, якія стаяць без шатаў, што на двары міжсезонне (ранняя вясна ці позняя восень).
Цікава зірнуць на чыгуначны вакзал, які за спіной вясёлай кампаніі. Яго здымкаў захавалася даволі шмат, але пад такім ракурсам (з боку сучаснай аўтастанцыі) раней не траплялася. Калі параўнаць сённяшні выгляд вакзала з тым, якім ён быў прыблізна 55 гадоў таму, адразу кідаюцца ў вочы адрозненні. Змяніліся дах і арыгінальнае наверша будынка. Даўно няма ўжо і драўлянага плота, які, вядома, высокамастацкім ніяк не назавеш. Некалі ён аддзяляў вакзал ад прывакзальнай плошчы. Цяпер гэта месца прыгожа добраўпарадкавана.
Праваруч ад герояў фота – невялікая крама, на жаль назва яе на здымку не чытаецца. Затое можам упэўніцца, што традыцыі нярэдка працягваюцца: калі ўжо ўзнікла на нейкім месцы гандлёвая кропка, дык ёсць верагоднасць, што і надалей тут будуць нешта прадаваць. І сапраўды, зараз на месцы колішняй маленькай крамы – вялікі прадуктовы магазін “Асарці”. Ужо з назвы зразумела: набыць у ім можна розныя тавары не толькі, каб паснедаць-паабедаць.
Яшчэ адна перамена ў часе, якую цяжка не заўважыць. На здымку з 1960-х выразна бачны драўляны слуп, па якім перадаецца электрычнасць. Нездарма на чыгунку першай (яшчэ ў ХІХ стагоддзі) у нашым краі прыйшла электрычнасць, а на станцыі запрацавалі першыя тэлеграф і тэлефон. Цяпер такія слупы хіба толькі на старых фотаздымках пабачыш. А добраўпарадкаваная зона вакол сённяшняга вакзала мае, між іншым, ліхтары, якія запальваюцца, калі надыходзіць цемень.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з архіва “СП”
На здымках: фота на памяць з 1960-х гадоў; так гэта месца выглядае ў чэрвені 2021-га.
