Калейдаскоп падзей

Перспектыўны форум

У Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце прайшла сустрэча намесніка старшыні аблвыканкама Вадзіма КРАЎЧУКА з удзельнікамі форуму кадравага рэзерву “Перспектыва”. Мерапрыемства праводзіцца штогод і збірае маладзёжны актыў, які з’яўляецца кадравым рэзервам Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”.
Сярод удзельнікаў форуму, які ладзіўся ў фармаце адкрытага дыялогу, былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны – маладыя спецыялісты ААТ “Арэпічы” Таццяна БЕЛЬСКАЯ і Анастасія МАКАРЭВІЧ.

Далучыліся да акцыі

Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва далучыўся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Работнікі ўстановы наведалі дзяцей-сірот, навучэнцаў спецыяльнай школы-інтэрната. Хлопчыкам і дзяўчынкам былі ўручаны падарункі, набытыя за сродкі сяброў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі тэрытарыяльнага цэнтра.

У каго ёлка лепшая?..

Навучэнцы Жабінкаўскага раёна прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Лепшая ёлка” ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Ёлачныя ўпрыгажэнні стварылі творчыя калектывы першай і другой гарадскіх школ, ліцэя, раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі (на здымку).

 

…і дзе яе набыць?

22 снежня на гарадской плошчы ў Жабінцы працаваў ёлачны кірмаш. Ён размясціўся на месцы, дзе меркавалася заліць каток. Аднак у сувязі з пацяпленнем было прынята рашэнне пераарыентаваць дадзеную пляцоўку пад ёлачны базар. Гандлёвая кропка працавала з 14.00 да заканчэння свята раённай ёлкі. Як адзначылі гандляры, былі прададзены амаль усе навагоднія прыгажуні.
Кіраўніцтва раёна запэўніла, што пры спрыяльных умовах надвор’я ініцыятыва з катком для катання на каньках абавязкова будзе рэалізавана.
Наталля ВАЛОШКА