“Цюх-цюх да Панцюх…”
Нават невялічкія паселішчы часам маюць доўгую гісторыю. 12 чэрвеня свае 285-я ўгодкі адсвяткавалі жыхары вёскі Панцюхі, размешчанай у Жабінкаўскім сельсавеце. Першая згадка пра населены пункт адносіцца да 1736 года. У той час Панцюхі належалі Здзітаву і былі ўласнасцю паноў Скаўронскіх. З восені 2014-га сяло Здзітава, аб’яднанае з Жабінкай, знікла з карты раёна, а вось невялікія Панцюхі і суседнія з імі Бабры дасюль працягваюць пісаць сваю гісторыю. На жаль, старажытная вёска спакваля змяншаецца. Калі паўвека таму ў Панцюхах было больш за 60 двароў ды 230 жыхароў, дык сёння ў іх засталося ўсяго 59 чалавек на 26 падворках (вясковы стараста Аляксандр Цалюк). Аднак, як і сотні гадоў раней, жыве яшчэ ў народзе вясёлая прыказка: “Цюх-цюх да Панцюх, а затым цераз роў – да Баброў”.
Лета кніжнае, здаровае, спартыўнае
Жабінкаўскія бібліятэкары вырашылі сумясціць кнігу, спорт і здаровы лад жыцця. У выніку нарадзілася ідэя мерапрыемства “Здоровье, спорт и чтение – наше предпочтение”. У спаборніцтве паўдзельнічалі выхаванцы школьнага летніка першай гарадской, якія аб’ядналіся ў каманды “Здаравейка”, “Нехварэйка” і “Вітамінка”. Праводзіліся эстафеты, конкурсы, гульні, дзеці шукалі адгадкі на літаратурныя загадкі, ладзілася выстава мастацкіх кніг і перыёдыкі, прысвечаная ЗОЖ. Госцем мерапрыемства стаў Айбаліт (яго ролю выканала бібліятэкар Ніна Гарустовіч), зазірнула на свята, вядома, і Лета (Марына Скачыкоўская), галоўным суддзёй была намеснік дырэктара Жабінкаўскай ЦБС Вольга Гурыш. Перамаглі хлопчыкі і дзяўчынкі са “Здаравейкі”, за імі святкавала “серабро” каманда “Вітамінка”, на ганаровым трэцім месцы размясціліся дзеці з “Нехварэйкі”. Усе ўдзельнікі атрымалі медалі і дыпломы ад райвыканкама.
Унікальны экспанат
Дырэктар Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Царук праводзіць майстар-класы па ткацтву. Незалежна ад узросту кожны жадаючы можа на ўласныя вочы пабачыць, як нараджаюцца рознакаляровыя ходнікі. Гасцям ахвотна раскажуць гісторыю ткацтва на Жабінкаўшчыне, практычна пакажуць увесь працэс стварэння гожых рэчаў і нават дазволяць паспрабаваць сябе ў ролі ткачоў.
Дарэчы, напрыканцы мінула года музей набыў цікавы экспанат – ткацкі варштат, перададзены ў дар Верай Пятроўнай Карпук з вёскі Жыцінь. Спецыялісты з Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, якія аглядалі старажытную рэч, прыйшлі да высновы, што час яе стварэння – ХVІІІ стагоддзе. Для больш дакладнага датавання патрабуецца спецыяльная навуковая экспертыза, але ўжо зараз зразумела: жабінкаўскія музейшчыкі набылі ўнікальны экспанат, што дазвале прасачыць мінулае рамесніцкай справы на нашай зямлі з часоў, калі Сяхновічамі валодалі Касцюшкі. У перспектыве ёсць задума стварыць пры музеі ткацкую школу альбо асобны гурток для навучання хлопчыкаў і дзяўчынак старадаўняму рамяству.
За святам – свята.
Гэтым культура багата
Учора, 18 чэрвеня, культработнікі стварылі сапраўднае свята для людзей у белых халатах. На Дзень медработніка былі шматлікія канцэртныя нумары ў выкананні ўзорнага ансамблю народнага танца “Каруначкі”, народнай эстраднай групы “Аляксандр-парк”, іншых аматарскіх калектываў і салістаў Жабінкаўшчыны. Падчас свята лепшыя прадстаўнікі высакароднай медыцынскай прафесіі атрымалі заслужаныя ўзнагароды, былі ўшанаваны і маладыя спецыялісты, якія летась прыйшлі ў медустановы нашага раёна.
Вядома, у работнікаў культуры за адным святам адразу спяшаецца другое. І ўжо ў нядзелю, 20 чэрвеня, яны будуць ладзіць знакамітую “Хмелеўскую Сёмуху”. Прыходзьце, прыязджайце ў Хмелева – дарога гасцям абрусамі пасцелена! Пачатак свята ў 14 гадзін.
Падборку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК
