Калейдаскоп падзей

“Дапаможам братам нашым меншым”

Акцыю пад такою назвай не першы раз арганізуюць актывісты РК ГА “БРСМ” — валанцёры атрада “Добрае Сэрца” першай гарадской школы. Ініцыятарам дабрачыннай місіі выступае педагог-арганізатар установы Яўгенія Дземідзюк. Пад яе кіраўніцтвам вучні сабралі корм, лекі і прадметы па доглядзе за жывёламі. Увесь гэты “скарб” яны перадалі ў прытулкі “SOS” Кобрына і “Дабрыня” Брэста, дзе жывуць бяздомныя браты нашыя меншыя, якія мараць пра смачныя стравы, цёплае жыллё і клапатлівага гаспадара. На некаторы час яго ролю ўзялі на сябе валанцёры Вікторыя Філіпук, Кацярына Марчук і Вераніка Сяркова. Разам з педагогам-арганізатарам школьніцы завіталі да “хвосцікаў”, накармілі і аблашчылі. А яшчэ зрабілі больш моцнай іх надзею на тое, што яны патрэбны людзям.

Ёсць асфальт — будзе і “маршрутка”

Нарэшце жыхары вёскі Падлессе Хмелеўскага сельсавета дачакаліся новага маршруту Брэст-Пелішча з заездам у іх вёску. Цяпер транспарт будзе спыняцца тут раніцай і вечарам у аўторак і пятніцу. Раней вадзіцелі адмаўляліся ад гэтага рэйсу — віною незаасфальтаваны кавалак шляху. Зараз асфальтавае пакрыццё злучыла шашу Брэст-Пелішча і Падлессе.

Памяняў марожанае на… кашалёк

Жыхар аграгарадка Ленінскі прыехаў у Жабінку па пакупкі. Тое, што планаваў, відаць, не знайшоў. Адзінае, што яго прывабіла, — марожанае. Ласунак у магазіне ўзяў, а вось кашалёк забыў на прылаўку. Калі схамянуўся і прыбег па яго, было позна. Прадаўцы толькі рукамі развялі — не знаходзілі і не бачылі. Давялося няўважліваму пакупніку пісаць заяву ў райаддзеле міліцыі. Следчыя прагледзелі запісы з камер відэаназірання і высветлілі, што на кашалёк паквапіўся жыхар вёскі Сакі. Ласага на чужое разам з крадзенай рэччу вельмі хутка даставілі ў райаддзел. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Каштоўны падарунак бібліятэцы

Напярэдадні важкага юбілею горада над Бугам у Брэсцкай абласной біблятэцы імя М.Горкага адбыўся рэспубліканскі круглы стол “Брэст. 1000 гадоў гісторыі ў дакументах і матэрыялах”, на якім было прэзентавана электроннае мультымедыйнае выданне “1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў”. Кампакт-дыск з ім перадалі ва ўстановы культуры Брэсцкай вобласці, атрымала яго і Жабінкаўская цэнтральная раённая бібліятэка. Гэты каштоўны падарунак прыняла дырэктар ДУК “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Галіна Дулевіч.
Выданне складаецца з дзесяці раздзелаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Брэста ад першага ўпамінання да пачатку Другой сусветнай вайны. У ім прадстаўлена каля 300 лічбавых копій дакументаў, якія з’яўляюцца грамадскім здабыткам, а таксама фотаздымкі, малюнкі, паштоўкі, геаграфічныя карты. Цяпер гэтым рэсурсам могуць скарыстацца жыхары нашага раёна.