Каб зямля не пуставала

На тэрыторыі Драгічынскага раёна адбыўся выязны семінар з удзелам старшыняў Жабінкаўскага і Драгічынскага раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў 28 склікання. Ад Жабінкаўшчыны ў ім прынялі ўдзел старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Святлана Озальс, старшыні сельскіх Саветаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Тарасевіч, дырэктар Жабінкаўскай раённай клубнай сістэмы Наталля Бернат.
Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Драгічыншчыны і падыходах да вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, су-месных практычных падыходах органаў выканаўчай улады Драгічынскага раёна з мясцовымі органамі самакіравання ў рабоце па рэалізацыі Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 года № 100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці” і ад 27 снежня 2007 года № 667 “Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў” расказала ўдзельнікам семінара старшыня Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Барташ.
Каб пазнаёміцца на практыцы з падыходамі органаў улады, суб’ектаў гаспадарання Драгічыншчыны па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, стварэнні належных умоў для жыцця і дзейнасці сельскага насельніцтва, удзельнікі выязнога семінара наведалі аб’екты сацыяльна-культурнага і вытворчага прызначэння Брашэвіцкага сельсавета. У маршрут было ўключана наведванне Брашэвіцкай сярэдняй школы і дзіцячага ясляў-сада, дзе прысутным былі прадэманстраваны элементы добраўпарадкавання ўстаноў адукацыі і рэалізацыя праекта “Укараненне энергазберагаючых тэхналогій для скарачэння выкідаў у атмасферу парніковых газаў на тэрыторыі Брашэвіцкага сельсавета”.
Затым удзельнікі семінара пазнаёміліся на практыцы з работай, якая праводзіцца Брашэвіцкім сельскім Саветам дэпутатаў сумесна з ААТ “Брашэвічы” (дырэктар Фёдар Жыдковіч) па зносе старых і пустуючых дамоў у вёсцы Цыбкі, уцягненні зямлі ў гаспадарчы абарот, арганізацыі навядзення і падтрымання санітарнага парадку на зямлі. Наступным пунктам маршруту значылася вёска Дымск, дзе не пражывае ні адзін чалавек. На месцы было разгледжана пытанне выкарыстання зямлі ў такім населеным пункце.
Затым дэлегацыя наведала Брашэвіцкае лясніцтва ДЛГУ “Драгічынскі лясгас”.

Аб стане прыродна-рэсурснага патэнцыялу Драгічынскага раёна і мерах, якія прымаюць мясцовыя органы ўлады па яго выкарыстанні, паведамілі прысутным ляснічы Брашэвіцкага лясніцтва Аляксандр Жук, старшыня Брашэвіцкага сельскага Савета дэпутатаў Леанід Карповіч і начальнік Драгічынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Камароў.
Далейшы маршрут пралягаў у Бездзежскі сельсавет, дзе прысутныя наведалі вёску Крэмна, сялянска-фермескую гаспадарку “Шульжык-Агра” і аграгарадок Бездзеж. Падчас экскурсіі ўдзельнікам семінара расказалі пра работу, якая праводзіцца органамі мясцовай улады па стварэнні спрыяльных умоў пражывання насельніцтва рэгіёна, па ўцягненні ў абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў і стварэнні новых працоўных месцаў. Пазнаёміліся госці і з драгічынскімі фермерамі, якія паспяхова займаюцца вырошчваннем маліны і буякоў.
Запамінальным момантам выязнога семінара стала наведванне музея “Бездзежскі фартушок”. Удзельнікі мерапрыемства абмяняліся ўражаннямі і меркаваннямі. Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк адзначыў цёплы, гасцінны прыём нашай дэлегацыі на Драгічыншчыне і тую значную работу, якая право-дзіцца драгічынскімі калегамі, каб зямля не пуставала, каб кожная яе пядзя давала аддачу.
Наталля ВАЛОШКА.