Каб жыццё стала больш яркім і насычаным

У састарэлым узросце людзі маюць патрэбу ў асаблівай увазе, якой апошнім часам умела атуляюць іх спецыялісты сацыяльнай службы. Яны стараюцца найперш дапамагчы адзінокім напоўніць жыццё новым сэнсам, быць яго актыўнымі ўдзельнікамі, ствараюць усе ўмовы для раскрыцця творчага патэнцыялу пенсіянераў.
Галоўнае ж для любога чалавека ва ўзросце — гэта зносіны з людзьмі. Калі ён адзін, то хутка згасае, а ў галаву прыходзяць розныя дрэнныя думкі: што ён нікому не патрэбны, і навошта тады жыць?
З канца мінулага года і па сённяшні дзень тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў рэалізуюць на Жабінкаўшчыне сумесную ініцыятыву “Шлях да даўгалецця” для людзей пажылага ўзросту. Яна ажыццяўляецца ў рамках праекта ЕС-ААН “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (БЕЛМЕД). Фінансаванне яго ажыццяўляе Еўрапейскі саюз, а рэалізуецца ён ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.
Што ўдалося ажыццявіць у рамках ініцыятывы? Увесь гэты час сваёй мэтай мы ставілі ахапіць фізічнай актыўнасцю як мага болей людзей шаноўнага ўзросту праз заняткі рознымі відамі спорту. Для гэтага найперш закупілі спартыўны інвентар: дыванкі, мячы, скандынаўскія палкі, веласіпеды, лыжы.
Каб забяспечваць жабінкаўцаў-пенсіянераў бясплатным спортінвен-таром, набылі 15 камплектаў палак для скандынаўскай хадзьбы, 10 пар лыжаў з палкамі, 15 веласіпедаў (9 жаночых і 6 мужчынскіх). Словам, жадаючы можа падабраць сабе зручны і камфортны спартыўны сродак. Лыжы рознай даўжыні, чаравікі, што ўваходзяць у камплект, розных памераў; палкі для скандынаўскай хадзьбы, якія маюць наканечнікі для руху па асфальце і іншых цвёрдых паверхнях, настройваюцца пад рост чалавека.
Каб людзям “сярэбранага” ўзросту была карысць ад заняткаў велапрагулкамі, хадзьбой, гімнастыкай і іншымі рухомымі практыкаваннямі, вядома, праводзіліся майстар-класы трэнерам Ігарам Галавейкам.
Пачнём размову пра атрыманне спецыяльнай падрыхтоўкі для лыжнай хадзьбы, тым болей у надыхо-дзячую, спадзяюся, снежную зіму пункт пракату цэнтра будзе выдаваць лыжы. На пяці майстар-класах, якія наведалі 51 чалавек, прайшлі поўнае навучанне 29. Яны атрымалі ўменні па падборы адзення і абутку для лыжных прагулак, навучыліся, як правільна прымацоўваць лыжы і трымаць іх ва ўзорным парадку, даведаліся, якія віды і спосабы руху магчымы, улічваючы тое, што большасць пенсіянераў хадзілі на лыжах толькі ў школе.
Удзельнікі заняткаў рашылі, што зімой, калі выпадзе дастаткова снегу, лыжны спорт заменіць ім прабежкі, скандынаўскую хадзьбу. Ён, дарэчы, не шкодзіць апорна-рухальнаму апарату людзей трэцяга ўзросту, а свежае паветра і прыгожая прырода садзейнічаюць добраму настрою. Яшчэ арганізм падчас бегу на лыжні актыўна насычаецца кіслародам, а цела і скура захоўваюць маладосць. Верыцца, што лыжы знойдуць сваіх аматараў. Толькі б снегу насыпала!
Навучанне на майстар-класах па скандынаўскай хадзьбе прайшлі 100 пажылых. Цікавасць да яе праяўляецца ў нашым раёне як да новага напрамку ў фізічнай актыўнасці, бо нагрузкі на трэнажорах і ў спартзалах па стане здароўя рэкамендуюцца далёка не ўсім, а вось няспешная пешая хадзьба карысная да самага глыбокага ўзросту. Усё часцей у парку, на гарадскіх вуліцах можна ўбачыць хадакоў з палкамі. Апытанні тых, хто браў іх у пункце пракату тэрытарыяльнага цэнтра, паказалі карысць ад скандынаўскай хадзьбы. Яны гаварылі пра актывізацыю мышцаў цела, стымуляцыю ў развіцці мускулаў плечавога пояса, спіны, ног, паляпшэнне работы сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, нармалізацыю крывянога ціску. А яшчэ пажылыя людзі адзначалі, што няспешная хадзьба трэніруе агульную вынослівасць і цягавітасць, змяншае рызыку пераломаў, паляпшае пачуццё раўнавагі і каардынацыю, вяртае да паўнацэннага жыцця тых, хто мае праблемы з апорна-рухальнай сістэмай. Усе прыходзілі да адной думкі, што людзі сталага ўзросту дзякуючы палкам падтрымліваюць спартыўную форму, жыццёвы тонус і добры знешні выгляд.
У рамках рэалізацыі ініцыятывы “Шлях да даўгалецця” ў цэнтры выдаваліся пенсіянерам напракат і веласіпеды. Заўважу, што ровары і скандынаўскія палкі ўжо бралі ў нас 81 чалавек. З палкамі больш любяць хадзіць жанчыны, не адмаўляюцца яны і ад двухколага сябра, у захапленні ад якога і моцны пол.
Недзе давялося прачытаць, што велапрагулкі паляпшаюць імунную сістэму арганізма і нават падаўжаюць жыццё на пяць гадоў. Жабінкаўцы таксама адзначалі карысць язды на веласіпедзе: маўляў, прагулкі па лясных дарогах, у парку прыдаюць твару свежасць, здаровы выгляд, паляпшаюць кровазварот, арганізм насычаецца кіслародам. “Калі агортвае сум, няма чым заняцца, хочацца правесці час з карысцю, бяры велік і — на прагулку”, — сказала адна з жанчын.
Для павышэння фізічнай актыўнасці пенсіянераў у рамках ініцыятывы “Шлях да даўгалецця” на базе тэрытарыяльнага цэнтра быў арганізаваны аздараўленчы гурток “Гімнастыка”, заняткі ў якім у добрае надвор’е праводзіліся ў гарадскім парку, а калі яно падводзіла — у памяшканні цэнтра. Іх наведвалі 27 чалавек трэцяга ўзросту. Стараліся ніколі не прапускаць заняткі Вера Мандрэнка, Валянціна Аляхновіч, Любоў Капчук, Валянціна Качко, Надзея Бярвенская, Лідзія Дужыч і іншыя.
Мы, хто працуе над рэалізацыяй ініцыятывы “Шлях да даўгалецця”, жадаем дасягнуць такога выніку, каб кожны пажылы чалавек справіўся са сваімі фізічнымі недамаганнямі, каб яго жыццё стала больш яркім і насычаным.
Да слова, цяпер мы рыхтуемся да свята здароўя, якое будзе праве-дзена 29 лістапада на базе ФАУ “СК “Бадзёрасць”.
Прыемна, што каля 200 чалавек шаноўнага ўзросту з нашага рэгіёна праявілі зацікаўленасць у развіцці сваёй фізічнай актыўнасці, падтрыманні здароўя, а таксама імкнуцца да новых ведаў і дасягненняў.
Вольга РЭБЯКЕЎША, каардынатар ініцыятывы “Шлях да даўгалецця”.