КАБ ВЯСНОЮ БЕЗ ЗАМІНАК сейбіт выйшаў у палі

Пастаноўка на зімовае захоўванне тэхнікі і яе рамонт — надзённая задача кожнай гаспадаркі. Час ідзе хутка — не паспееш азірнуцца, як вясна зноў пакліча земляроба ў поле. Таму падрыхтаваць тэхніку да работ на зямлі неабходна своечасова і якасна да 1 сакавіка новага ўжо 2022 года.
— Ачыстка і пастаноўка тэхнікі на захоўванне ў раёне ажыццяўляецца згодна з усімі патрабаваннямі, — зазначае галоўны дзяржаўны інспектар дзяржтэхнагляду Мікалай КЛІМАВЕЦ. — Вядома, у адных гаспадарках гэта справа рухаецца хутчэй, у іншых больш марудна. Аднак у цэлым з пастаўленымі задачамі павінны справіцца ўсе.
Са свайго боку, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна НІКІЦІНА гаворыць:
— Інжынерныя службы Жабінкаўшчыны рэгулярна праводзяць маніторынгі стану аховы працы, пажарнай бяспекі, захоўвання тэхнікі і правядзення яе рамонту. Гэта патрэбна, каб вясною без замінак пачыналася праца ў палях. Калі бываем у гаспадарках, назіраем таксама за станам рамонтных майстэрняў, цікавімся, наколькі яны гатовыя да работ у асенне-зімовы перыяд, высвятляем умовы працы людзей.
Акрамя таго, да 15 снежня будзе праведзены агляд-конкурс гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы арганізацый АПК. Ён павінен выявіць, як падрыхтаваны машынна-трактарныя паркі да вясенне-палявых работ наступнага года, які ўжо зусім не за гарамі.
Будзе, вядома, і стымул: паводле рашэння Жабінкаўскага райвыканкама ад 18 лістапада 2015 года “Аб арганізацыі штогадовых раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у аграпрамысловым комплексе раёна” пераможцы, якія зоймуць І, ІІ і ІІІ месцы, атрымаюць грашовыя прэміі ў памеры 80, 60 і 40 базавых велічынь адпаведна. Грошы будуць скіраваны на ўмацаванне матэрыяльнай базы рамонтных майстэрняў сельгасарганізацый.
Зазначым, што маніторынг стану захоўвання тэхнікі і правядзення рамонтных работ будзе працягвацца. А адзнаку гэтай важнай справе, як заўжды, выставіць пасяўная.
Анатоль РОСТАЎ