Субота. На гадзінніку — сем вечара. Аднак сонца, здаецца, забылася, што яму пара хіліцца да гарызонту — прыпякае моцна. Відавочна, каларадскія жукі ў бульбоўніку радуюцца нечаканай спякоце. Змагацца з імі, абліваючыся потам, надакучыла, дый малыя пратрубілі вушы, маўляў, ідзем на пляж! Хочацца астудзіцца марозівам і акунуцца. Магазін — побач, дый возера недалёка.
Малыя ажно падскочылі ад радасці: нарэшце можна ўдосталь пакупацца.
Візжар сустракае нас доўгачаканай і прыемнай прахалодай і даволі цёплай вадой. Усё б нічога, вось толькі парослыя травой у пояс берагі псуюць агульны адпачывальны настрой: гарэзы, пакуль дабіраліся да вады, двойчы гублялі ў бур’яне свае сланцы. Затое ў рагозе сноўдалі жабкі, ладзілі сапраўдны канцэрт. Праўда, дзеці іх праграму змянілі з песеннай на спартыўную. Хто паспее ўцячы з дзіцячых рук. Дарэчы, жабкі часта прайгравалі…
На возеры Візжар
Калі чапляцца за бур’ян надакучыла, адправіліся нарэшцэ на добраўпарадкаваны пляж — любімае месца адпачынку многіх жабінкаўцаў. Тут нібыта ёсць усё: раздзявальні, вялізныя сметніцы, лавачкі пад дахамі, праўда, іх на ўсіх жадаючых не хапае. Жоўты пясочак прыемна казыча голыя ногі ажно да берагавой лініі. Побач — выратавальны пост. На адным шчыце вісяць інфармацыйныя плакаты, на суседнім — выратавальныя кругі. Малады хлопец, прадстаўнік Таварыства выратавання на вадзе, камфортна ўладкаваўся ў рыбацкім стульчыку, раз-пораз пазіраючы на ваду праз вялізны бінокль, сачыў за жадаючымі акунуцца. У “лягушатніку” зусім малыя дзеці пішчалі ад радасці. На беразе белагаловы хлопчык і яго мама з татам будавалі замкі з пяску. На адной з лавачак кампанія дзяўчат сачыла за юнаком, які пад гітару выконваў песні Высоцкага. Гукі струн заглушаў залівістае браханне сабакі: яго юны гаспадар аніяк не хацеў выбірацца з вады, а сабачка турбаваўся.
— Славік, годзе ўжо на сёння, выходзь, Марцін зараз зусім ахрыпне, — кажа мама, загортвае малое ў махХлопчык выкручваецца і з віскам зноў бяжыць у ваду. Побач трое падлеткаў скакалі ў ваду, справа фатаграфаваліся дзяўчаты. Сэлфі-сесія заканчваецца раптоўным па-
дзеннем смартфона і працяглым і гучным высвятленнем, хто вінаваты. А так усё спакойна і культурна.
Каб адпачынак быў бяспечным
— Галоўнае, каб адпачываючыя не лезлі ў ваду “пад градусам” і пільна сачылі за сваімі дзецьмі, — папярэджвае старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Гапончык. — Часта бывае так — бацькі ладзяць пікнік на беразе, а дзеці застаюцца без нагляд, часам нават гінуць. З пачатку гэтага купальнага сезона ў нашай краіне вада ўжо забрала жыцці чатырох юных беларусаў. Таму хочацца яшчэ раз нагадаць дарослым: прывялі дзяцей — не спускайце з іх вачэй, да бяды ўсяго адзін крок, а яшчэ нельга дазваляць ім самастойна ісці на рэчку ці возера. Калі хочацца адпачыць ля вады, варта наведваць спецыяльна адведзеныя месцы. У нашым раёне гэта возера Візжар і пляж Мухаўца каля санаторыя “Надзея”. Менавіта там устаноўлены выратавальныя пасты і арганізавана дзяжурства матросаў–выратавальнікаў з 10 гадзін раніцы да 20 вечара. У іншыя месцы ехаць не варта, на рацэ Мухавец і возеры гарадскога парка купанне забаронена.
Як паведаміла галоўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік, кожны тыдзень бярэцца аналіз вады з месцаў, адведзеных для купання. Як на возеры Візжар, так і паблізу санаторыя “Надзея”. Яны здавальняючыя. Так што айда купацца! Толькі асцярожна.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Главные новости
