Каб такое не паўтарылася ніколі

На адзіны ўрок “Аб чым звоняць званы Хатыні?”, прысвечаны 79-й гадавіне трагедыі, класны кіраўнік 3 “А” класа другой гарадской школы Людміла Мацкевіч запрасіла былога старшыню калгаса “Усход” Жабінкаўскага раёна Аляксея Дошчыка.
Госць расказаў дзецям, як на месцы спаленай вёскі Драмлёва, сястры Хатыні, узводзіўся мемарыяльны комплекс. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі ўспаміны Аляксея Раманавіча пра тое, як насыпалі курган, як адлівалі і дастаўлялі на месца скульптуры трох жанчын, што застылі ў смутку… Падводзячы вынік сустрэчы, дзеці згадзіліся, што памяць пра такія жудасныя падзеі, як трагедыя Хатыні, Драмлёва і многіх іншых беларускіх вёсак, знішчаных фашыстамі разам з жыхарамі, павінна жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне, каб такое не паўтарылася ніколі.