Каб пакланіцца памяткам вайны

Часы вайны ў далеч адышлі, ды засталіся на зямлі памяткі пра ліхалецце. Штогод напярэдадні Дня Перамогі мясціны, звязаныя з ваеннай гісторыяй Жабінкаўшчыны, наведваюць удзельнікі рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”. 7 мая ў раёне ладзіўся аўтапрабег, прымеркаваны да 76-х угодкаў заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Былі ў ім прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, прафсаюзаў — усе, каму неабыякава памяць аб мінулым.

Перад стартам ад імя старэйшага пакалення і моладзі да ўдзельнікаў аўтапрабегу звярнуліся старшыня ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі і першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Андрасюк.
Раённая акцыя атрымалася надзвычай масавай: у аўтапрабегу паўдзельнічалі больш за сто машын. Таму ўдзельнікі падзяліліся на чатыры групы. Першыя ру-шылі ў мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, каб выказаць даніну памяці і павагі ахвярам нашай “вогненнай вёскі”, спаленай карнікамі 11 верасня 1942 года. Наступны маршрут працягнуўся да Хмелева, дзе ў цэнтры аграгарадка месціцца помнік землякам, якія не вярнуліся з франтоў. Трэцяя група машын накіравалася ў Агароднікі і Вялікія Якаўчыцы — да пахавання савецкіх лётчыкаў і помніка землякам. Галоўны маршрут пралягаў па поўдні раёна. Спынімся на ім крыху падрабязней.
Першым прыпынкам на шляху стаў аграгарадок Ленінскі. Тут удзельнікаў акцыі чакалі работнікі культуры і вучні мясцовай школы, якія падрыхтавалі выступленні, прысвечаныя Дню Перамогі. Да прысутных звярнуліся старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі і былы вязень фашызму Мікалай Пукіта. Мікалай Аляксеевіч, які з самага маленства зведаў цяжар фашысцкай няволі, атрымаў падарунак з рук кіраўніка раёна Віталя Кулака.
Ленінскі сельсавет мае шмат мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай. Пра часы акупацыі нагадваюць помнікі ў Буснях і Хадасах, Чыжэўшчыне і Ленінскім. Пастамент абеліска ў аграгарадку, на якім выбіты імёны воінаў-землякоў, упрыгожылі яркія кветкі.
Вянкі з’явіліся і на месцы наступнага прыпынку ў Азятах. З 2010 года ў самым сэрцы старадаўняга сяла існуе велічны помнік, усталяваны ў памяць пра жыхароў сельсавета, што склалі свае галовы на той вайне.
Усю Беларусь здаўна завуць партызанскім краем. Ёсць і на Жабінкаўшчыне мясціны шырокавядомыя барацьбой народных мсціўцаў. Сюды, у Старое Сяло, рушыла доўгая калона аўтамашын. У цэнтры вёскі — пахаванне сапраўды легендарнага чалавека — Міхаіла Мікітавіча Чарнака, аднаго з заснавальнікаў партызанскага руху на Брэстчыне. Нездарма пасля гібелі адважнага разведчыка атрад атрымаў яго імя. Пра тое напаміналі на мітынгу ля магілы Чарнака не толькі дарослыя, але і вучні Старасельскай школы, якія цудоўна ведаюць пра подзвігі славутага земляка і партызан-чарнакоўцаў.
…А ўдзельнікаў аўтапрабегу зноў чакала дарога. На гэты раз — у Ракітніцу. У пачатку аграгарадка — Курган Памяці. Ён насыпаны ў гонар аднавяскоўцаў, якія пасля вызвалення роднай зямлі змагаліся за свабоду суседніх краін і народаў, ды, на жаль, засталіся ляжаць у чужой зямлі. У падножжа гэтага рукатворнага кургана адбыўся жалобны мітынг. Пра каштоўнасць міру, жорсткасць вайны ў чарговы раз нагадаў старшыня райвыканкама Віталь Кулак. Ва ўнісон яго словам гучала і прамова настаяцеля Булькоўскай царквы іерэя Пятра Дударчука, які, між іншым, нагадаў, што ў памятным сорак пятым годзе Вялікдзень і Вялікая Перамога амаль супалі па часе, абодва гэтыя святы сталі высокім сімвалам таго, як дабро адольвае зло ў свеце. Цудоўным упрыгажэннем мерапрыемства сталі спевы ў выкананні самадзейных артыстаў Ракітніцкага СДК і шчырыя словы з вуснаў школьнікаў. Як і паўсюль, да помніка былі ўскладзены гірлянды, кветкі ды карзіны, напоўненыя краскамі мірнай зямлі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ
На здымках: запамінальныя моманты з аўтапрабегу па месцах воінскай славы.