Надзённыя праблемы тых, каму няпроста ў жыцці, бо па жыццёвых абставінах яны не могуць цалкам бачыць прыгажосць навакольнага свету, узнімаліся на семінары, што ладзіўся пад Мінскам — у Дзяржынску.
Жабінку і Дзяржынск родніць не толькі статус гарадоў-спадарожнікаў, але і клопат пра невідушчых. Зусім недалёка ад сталіцы сабраліся зацікаўленыя асобы з розных куткоў краіны, каб абмеркаваць агульныя праблемы, задаць кіраўніцтву Беларускага таварыства інвалідаў па зроку хвалюючыя пытанні і пашукаць агульныя адказы на іх.
Высокую прадстаўнічасць нарадзе надала прысутнасць намесніка міністра Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандра Румака. Аляксандр Аляксеевіч з асаблівай цеплынёй падзякаў прысутным за іх актыўнасць і мужнасць, якія патрэбны ў сучасным жыцці кожнаму. Тым больш чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі.
Сярод прысутных быў старшыня цэнтральнага праўлення арганізацыі Алег Шэпель і яго намеснік Міхаіл Антоненка. Яны распавялі пра агульнае кіраўніцтва дзейнасцю ГА “БелТІЗ” і супрацоўніцтва з Міністэрствам і выканкамамі.
Берасцейскую дэлегацыю ўзначальвала старшыня праўлення абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірына Юрэня. Яна падзякавала за змястоўную сустрэчу, на якой узнімаліся актуальныя пытанні. Сярод іншых — пра ўдзел “БелТІЗа” ў рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Цікавым было і абмеркаванне дзейнасці сталічнай установы рэабілітацыі інвалідаў па зроку “Цэнтр паспяховага чалавека”.
Андрэй ШЫМАНСКІ, старшыня праўлення раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”.
