Каб лес не стаў ворагам

Знаходзячыся ў лесе, выконвайце правілы асабістай бяспекі. Не хадзіце туды ў адзіночку, а перад выхадам абавязкова паведаміце родным, куды менавіта збіраецеся. Вазьміце з сабой сродак ад укусаў насякомых, сонцаахоўны крэм, пітную ваду, мінімальны запас ежы (напрыклад, бутэрброды), нож, запалкі ў сухім карабку, гадзіннік, а таксама мабільны тэлефон і свісток. Калі ў вас ёсць хранічныя захворванні, не забудзьцеся пра лекі!
Адзенне і абутак для паходу ў лес павінны быць зручнымі, яркімі, адпавядаць надвор’ю. Добра, калі на іх ёсць святлоадбівальныя палоскі ці малюнкі.
У лесе не сыходзьце з маршруту, не захапляйцеся прагулкаю і не адыходзьце далёка ад пратаптаных сцежак. Прыбірайце за сабой смецце і шкляны посуд. Пажар у лесе можа ўзнікнуць нават ад невялікага асколка шкла!
Калі вы зразумелі, што заблудзіліся, пры магчымасці неадкладна звяжыцеся са спецыялістамі Адзінай службы выратавання па тэлефонах 112 ці 101.
Не паддавайцеся страху і паніцы! Спыніцеся, прыслухайцеся. Магчыма, вы пачуеце шум дарогі, гутарку людзей ці брэх сабакі.
Ні ў якім разе нельга ў паніцы бегаць па лесе! Заставайцеся на адным месцы, паспрабуйце развесці агонь. Калі ў вас няма запалак ці запальніцы, для гэтага можна скарыстаць аб’ектыў фотаапарата, выпуклую лінзу ад бінокля ці тэлескопа або звычайнае люстэрка. Дым дапаможа выратавальнікам хутчэй вас знайсці.
Калі вы прынялі рашэнне шукаць дарогу самастойна, не віхляйце, арыентуйцеся па сонцы. Паспрабуйце знайсці лінію электраперадачы, чыгунку, газаправод, раку – гэтыя аб’екты абавязкова выведуць вас да людзей.
Не крычыце гучна, каб не страціць голас. Гукавы сігнал можна падаць ударамі палкі аб дрэва.
Будзьце пільнымі і ўважлівымі ў лесе, беражыце сябе.
Яўген САМУСКЕВІЧ, намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС.