Каб кожнае дзіця адчувала цяпло сям’і

Святлана БЯЛЯК.

У Жабінкаўскім райвыканкаме адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”.
Як у раёне праводзіцца прафілактыка сямейнай нядбайнасці ў рамках рэалізацыі Дэкрэта, паведаміла загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Андрасюк.
На яе думку, вялікую ролю ў выяўленні сямейнага недабрабыту адыгрываюць класныя кіраўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, якія кантралююць наведванне заняткаў і паспяховае засваенне праграмы выхаванцамі і школьнікамі, своечасова высвятляюць прычыны адсутнасці дзяцей ва ўстановах, аналізуюць эмацыянальны стан хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама ўдзел бацькоў у выхаванні сыночкаў і дачушак. Дарэчы, толькі сёлета 18 дзяцей з 9 сем’яў былі прызнаны як тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане дзякуючы інфармацыі класных кіраўнікоў. У цэлым жа з пачатку года ў аддзел паступілі 59 зваротаў ад устаноў адукацыі, РАУС, судоў вобласці, устаноў аховы здароўя і нераўнадушных жабінкаўцаў. На ўліку як тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане (СНС), стаяць 119 дзетак з 62 сем’яў.
— Вельмі важна вярнуць бацькоў на правільны шлях, навучыць іх нанова любіць сваіх дзяцей, правільна клапаціцца аб іх гарманічным, фізічным і псіхічным развіцці, — гаварыла Наталля Андрасюк. — А гэта зрабіць бывае вельмі няпроста, асабліва, калі бацькі захапляюцца спіртным, не працуюць, не падтрымліваюць жыллё ў чысціні, сварацца між сабою. Выкарыстоўваць даводзіцца ўсялякія метады: праводзім з бацькамі лекторыі, індывідуальныя гутаркі, кансультацыі, запрашаем іх на сустрэчы клуба “Гармонія”, на пасяджэнні савета прафілактыкі ўстаноў адукацыі, камісіі па справах непаўнагадовых Жабінкаўскага раёна.
Спецыялісты СПЦ выязджаюць у сем’і (толькі сёлета было 353 выезды), што дае магчымасць педагогу-псіхолагу правесці кансультацыю бацькоў па месцы іх пражывання.
Немалаважная, на думку Наталлі Міхайлаўны, у рабоце з бацькамі па змяншэнні з’яў сямейнай нядбайнасці і роля суддзяў. Напрыклад, у судзе праходзяць адкрытыя пасяджэнні па пазбаўленні бацькоўскіх правоў. На іх запрашаюцца мамы і таты, дзеці якіх — у СНС.
Праводзімая ўсімі зацікаўленымі службамі работа дае свой плён. Так, сёлета з уліку СНС зняты 46 дзяцей: 24 — з прычыны паляпшэння сітуацыі ў сям’і, двое — сталі паўнагадовымі. Васьмі дзецям неабходна дзяржаўная падтрымка, яшчэ 12 змянілі месца жыхарства або вучобы.
Таксама Наталля Міхайлаўна падкрэсліла, што з пачатку года павялічылася колькасць дзяцей, знятых з уліку СНС. У той жа час застаюцца праблемнымі пытанні працаўладкавання бацькоў (21 з іх не працуе), алкагалізацыі, росту колькасці дзетак, якім неабходна дзяржаўная абарона. Выступоўца, падводзячы вынікі свайго даклада, прапанавала некалькі варыянтаў выхаду з праблемнай сітуацыі. Сярод іх, напрыклад, актыўней прыцягваць працоўныя калектывы да работы па паляпшэнні мікраклімату ў неблаганадзейных сем’ях; інфармаваць аддзел па адукацыі пра ўсе выпадкі сямейных сварак, нягледзячы на прымірэнне бакоў.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які вёў пасяджэнне каардынацыйнага савета, падкрэсліў: трэба актыўней праводзіць сістэмную работу па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18. Самае галоўнае, каб кожны юны жабінкавец адчуваў цяпло сямейнага агменю.