ІШЛІ Ў БОЙ І ЛЮДЗЯМ ПАМАГАЛІ

Нямала цёплых і ўдзячных слоў гучыць у мірны час у адрас медыкаў. Яшчэ больш цанілася іх праца ў ваенныя гады, калі людзям у белых халатах даводзілася дзейнічаць на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пасля ліхалецця ветэраны сумленна працавалі ў раённай бальніцы. Памяць пра іх беражліва захоўваюць сённяшнія жабінкаўскія медыкі.

У сакавіку 1971 года “Сельская праўда” паведамляла: “3800 аперацый. Іх зрабіў за 18 гадоў работы ў Жабінкаўскай раённай бальніцы Васіль Ігнатавіч САМБОРСКІ”. Аднак сваю практыку капітан медыцынскай службы пачынаў на вайне, калі ратаваў байцоў. Сорак гадоў Васіль Ігнатавіч адпрацаваў у Жабінцы, з іх 35 быў вядомым і паважаным хірургам, а затым урачом-тэрапеўтам.
Афіцэрскія пагоны па праве заслужыла і лейтэнант Кацярына Рыгораўна ШАПЯЛЕНКА, якая і ў мірны час рабіла шмат, каб дапамагаць жабінкаўцам на шляху да выздараўлення.
Усю вайну прайшла сяржант Аляксандра КАСПЯРОВІЧ. Аляксандра Мікалаеўна служыла ў эвакуацыйным шпіталі.
Яфрэйтару Лідзіі МУХЛЫНІНАЙ ішоў дваццаты год, калі палыхнула вайна. Лідзія Аляксандраўна годна прайшла агністымі дарогамі да Перамогі. Восенню 1963-га стала фтызіятрам у райбальніцы. Амаль два дзясяткі гадоў працавала на вельмі адказным участку, ратуючы людзей ад сухотаў, а затым урачом-інфекцыяністам.
Шараговымі байцамі скончылі вайну Мікалай МАЕЎСКІ і Сямён ГАЛАВЕНКА. Аднак зусім не радавымі справамі займаліся Мікалай Уладзіміравіч і Сямён Піліпавіч у мірны час. У Жабінцы іх дасюль памятаюць як добрых медыкаў. Прыкладам, зубны тэхнік Галавенка адпрацаваў у райбальніцы роўна 44 гады.
Сённяшнія медыкі ўспамінаюць з удзячнасцю і старшую медсястру Кацярыну Львоўну ІВАШЧАНКУ, якая ратавала ў 1941-1942 гадах раненых байцоў, што траплялі ў шпіталь.
Будучыя людзі ў белых халатах актыўна змагаліся і ў тыле ворага. З пачаткам вайны сталі партызанамі Марыя Лаўрэнцьеўна ГАЛАВЕНКА (Жарнасек) і Аляксандр Адамавіч КУРЫЛЬЧЫК, Аляксандра Фёдараўна ЧМАРОЦЬКА і Ксенія Данілаўна КУДЗІНА (на здымку). Апошняя была ўзнагароджана медалём “Партызан Айчыннай вайны” ІІ ступені. Калі былыя ўдзельнікі ліхалецця далучыліся да дружнай медычнай сябрыны, кожны з іх годна выконваў свае абавязкі (Аляксандра Чмароцька была акушэркай, Аляксандр Курыльчык — фельчарам, Ксенія Кудзіна — медыцынскай сястрой).
Не абмінула вайна таксама і Веру ВЯЗЕМСКУЮ, якая прыйшла на свет у 1923 годзе. Пасля ліхалецця жанчына ўладкавалася фельчарам у Рагозна і на працягу 35 гадоў аказвала дапамогу вяскоўцам.
Не з кніг, фільмаў ці чужых вуснаў чэрпала веды пра гора, якое прыносіць вайна, і санітарка Ганна ПЯТРУЧЫК. Яна таксама нарадзілася ў 1923-м і не па сваёй волі апынулася на чужыне, дзе стала вязнем. Юнацтва, апаленае вайной, пакінула глыбокі след у памяці Веры Мікалаеўны і Ганны Дзмітрыеўны, таму да боляў сваіх пацыентаў яны адносіліся з асаблівым клопатам і суперажываннем.
Анатоль РОСТАЎ