Ініцыятыўны і энергічны

Святлана БЯЛЯК.

“Старшынёўская” ялінка. Менавіта так мясцовыя жыхары называюць дрэўца, якое ўпрыгожыла аграгарадок Ленінскі.
Навагодні атрыбут з’явіўся тут з ініцыятывы маладога старшыні Ленінскага сельсавета Мікалая Лугаўскога. А ўпрыгажэнні для лясной жыхаркі неслі, як кажуць, усім светам: хто шарык, хто мішуру, а прадпрымальнік Ігар Самайлюк — электрычныя гірлянды. Затое вечарамі, калі ялінка запальваецца ўсімі агнямі, малеча і дарослыя з задавальненнем праводзяць тут зімовыя фотасесіі.
Навагодняя ёлачка — не адзіная задумка Мікалая Васільевіча. Ён мае жаданне заўсёды рухацца наперад, удасканальвацца і паляпшаць жыццё сабе і іншым. Ініцыятыўны і энергічны старшыня літаральна з першага дня назначэння на пасаду актыўна ўзяўся за добраўпарадкаванне.
Першае і важнае пачынанне — закладка новага сквера ў аграгарадку. Жыхары ахвотна адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у добрай справе. Цяпер на месцы пустазелля і бур’яну паміж шматкватэрных дамоў растуць маладзенькія дубкі, клёнікі, бярозкі. Лясгас дапамог саджанцамі ялінак, і восенню амаль дзве сотні іх высаджана ўздоўж галоўнай вуліцы.
Цікава, што жыхары суседніх вёсак — Рагозна, Філіпавічаў, Буснёў — таксама пажадалі азеляніць наваколлі. Так што добры прыклад “заразны” ў добрым сэнсе!
Гонар аграгарадка — былая панская сядзіба Ацячызна. Штогод падчас суботнікаў тут наводзіцца парадак, высякаецца галлё. Аднак, каб надаць родным мясцінам больш прывабны выгляд, абнавіць масток, пракласці сцежкі, ачысціць сажалкі, неабходны немалыя сродкі. Як выйсце — прыняць удзел у конкурсе ініцыятыў, каб атрымаць грант на добрую справу. Цяпер рыхтуецца апісанне будучай экалагічнай сцяжыны.
Пад кіраўніцтвам Мікалая Васільевіча былі праведзены суботнікі і ў мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і Крупчыцкай бітвы на тэрыторыі Ленінскага сельсавета — паблізу вёскі Хадасы і вакол капліцы ў Чыжэўшчыне.
Мікалай Лугаўскі лічыць, што трэба ўсяляк падтрымліваць тых, хто любіць парадак не толькі на сваім падворку, але і за межамі ўласнага плота. Таму конкурс на лепшы падворак, на думку старшыні сельвыканкама, можна праводзіць не раз, а два на год — летам і зімой. Сярод “летніх” пераможцаў, напрыклад, Міхаіл Хандрыка. Яго сядзіба нагадвае казачны палац з падсветкай на газонах. Вельмі прыгожа глядзяцца падворкі Мікалая Мельнічука і Аляксандра Пашкевіча. Любяць наводзіць прыгажосць і жыхары шматкватэрных дамоў — напрыклад, у пад’ездзе № 1 дома 2 на вуліцы Леніна і на вуліцы Міру, дом 5. А цуды, зробленыя сваімі рукамі, — выдатны прыклад для пераймання суседзям і знаёмым.
Як вынік, жыхары двухпавярховак №№ 2 і 4 на вуліцы Касманаўтаў не сталі сядзець дома склаўшы рукі, а, калі прывезлі грунт, дружна выйшлі з рыдлёўкамі і граблямі, разраўнялі, разбілі кветнікі, пасадзілі туі. А работнікі ЖКГ, са свайго боку, праклалі новыя дарожкі ля дома.
Яшчэ адна з ініцыятыў старшыні — новенькая Дошка гонару і інфармацыйны стэнд пры ўваходзе ў сельвыканкам: на ёй — перадавікі Ленінскага сельсавета. Дарэчы, выраб Дошкі гонару прафінансавала адкрытае акцыянернае таварыства “Рагазнянскі”.
Мікалай Лугаўскі смела агучвае шматлікія ідэі і атрымлівае станоўчыя водгукі і падтрымку.