Інфармстужка

ААН высока ацэньвае вопыт Беларусі

Беларусь дасягнула значных вынікаў у рэалізацыі Парадку дня-2030, і яе работа і вопыт, прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця высока цэняцца на глабальным узроўні. Аб гэтым заявіла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед у сваім відэазвароце на першым Нацыянальным форуме ўстойлівага развіцця ў Мінску.
“Удзел усяго грамадства мае вырашальнае значэнне для актыўнай трансфармацыі, неабходнай да 2030 года. Узаемадзеянне парламента і выканаўчай улады, грамадзянскай супольнасці, навукі і прыватнага сектара заўсёды станоўча ўплывае на дасягненне пастаўленых мэт. На шчасце, многае ўжо зроблена ў Беларусі. Ваша краіна дэманструе прагрэс. Урад прайшоў вялікі шлях у выбудоўванні нацыянальнай палітыкі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця”, — сказала Аміна Махамед. Яна прызналася, што яе таксама абнадзейвае абмен паміж ААН і нацыянальнымі ўладамі лепшымі міжнароднымі практыкамі, напрыклад, у частцы ўдасканалення догляду хворых і маламабільных людзей, прадухілення розных форм насілля. “Я ўпэўнена, Беларусь прадоўжыць адыгрываць важную ролю ў далейшых працэсах, у тым ліку на высокім узроўні”, — рэзюмавала Аміна Махамед.

Палепшылі жыллёвыя ўмовы

У Беларусі 37,8 працэнта ўведзенага ў 2018 годзе жылля пабудавана для маючых патрэбу, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Летась арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 46,5 тыс. кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю звыш 3,966 млн кв. м агульнай плошчы жылля. Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1498,1 тыс. кв. м. З агульнага аб’ёму для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 999,3 тыс. кв. м. У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 1117,4 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля (28,2 працэнта агульнага ўводу па рэспубліцы).

Студэнтаў забяспечаць іншым жыллём

Студэнцкая вёска, як і ў час чэмпіянату свету па хакеі — 2014, у час II Еўрапейскіх гульняў выканае ролю гасцінічнага комплексу для спартсменаў. Такое рашэнне прыняў рэспубліканскі арганізацыйны камітэт. У сувязі з гэтым з 1 лютага студэнты пяці ВНУ будуць пераселены з вёскі ў іншыя інтэрнаты — або сваіх універсітэтаў, або іншых устаноў і арганізацый. Пры гэтым усе маладыя людзі будуць забяспечаны месцамі для пражывання, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык.
Ён адзначыў, што рашэнне аб перасяленні не было раптоўным. Студэнты былі інфармаваны паўгода таму аб маючых адбыцца змяненнях. Быў распрацаваны дэталёвы алгарытм дзеянняў, які ўключаў падрыхтоўку новых месцаў для пражывання, правядзенне касметычных рамонтаў. “Ніводзін студэнт не застанецца без месца пражывання. Гэта пытанне знаходзіцца на кантролі Міністэрства адукацыі і рэктараў”, — падкрэсліў Эдуард Тамільчык. Ён дадаў, што маладыя людзі, з якімі яму ўдалося паразмаўляць, у большасці разумеюць важнасць Еўрапейскіх гульняў і гатовы пацярпець часовыя нязручнасці, расцэньваючы гэта як свой невялікі ўклад у правядзенне такога маштабнага спартыўнага форуму.