Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Рамана МЕЛЬНІКА.
У аграгарадку Тамашоўка Брэсцкага раёна адбылася выніковая калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. У яе рабоце прынялі ўдзел начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы гаррайвыканкамаў і адміністрацый горада Брэста, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі абласных грамадскіх аб’яднанняў. Значнасць мерапрыемства падкрэслівалася прысутнасцю на калегіі памочніка Прэзідэнта — інспектара па Брэсцкай вобласці Анатоля Маркевіча, а таксама намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзя Барысюка.
Падчас работы калегіі ў фае Дома культуры была арганізавана тэматычная выстава, прысвечаная Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На пасяджэнні ідэолагі Брэстчыны абмяркоўвалі вынікі работы за мінулы год і гаварылі пра асноўныя задачы на сёлетні.
Выступаючы з дакладам, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава расказала пра шматграннасць ідэалагічнай работы, спынілася на асобных аспектах працы ў рэгіёне.
Задача ідэолагаў на цяперашнім этапе — адказаць на хвалюючыя людзей пытанні, растлумачыць сітуацыю ў краіне і данесці тыя жыццёвыя прынцыпы, якія, можа быць, не змаглі данесці бацькі, — любоў і павагу да Радзімы, сям’і, традыцый.
Вядома ж, не апошняя роля ў ідэалагічнай рабоце адводзіцца абласным і рэгіянальным СМІ, мясцоваму радыёвяшчанню. Таццяна Гагакава звярнула ўвагу на тое, што традыцыйным друкаваным СМІ неабходна актывізаваць дзейнасць у інтэрнэце. Яна адзначыла, што “сёння асноўным ідэалагічным рэсурсам для нас з’яўляецца інфармацыя, попыт на яе пастаянна расце, таму задача і ідэолагаў, і журналістаў максімальна выкарыстаць гэты рэсурс, захоўваючы аператыўнасць, аб’ектыўнасць і даставернасць”. Пры гэтым неабходна выкарыстоўваць тыя каналы інфармацыі, якія запатрабаваны людзьмі. “Самае галоўнае, — сказала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі, — гэта дыялог, які павінен быць эфектыўным і канструктыўным”.
Вялася гаворка на калегіі і аб тым, што зносіны насельніцтва з уладамі, сустрэчы ў працоўных калектывах па самых актуальных сацыяльна-палітычных пытаннях — адна з асноўных сфер дзейнасці ідэалагічных работнікаў.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк, аналізуючы работу ідэолагаў, адзначыў неабходнасць яшчэ больш цеснага ўзаемадзеяння з насельніцтвам, павышэння ўзроўню кадравага патэнцыялу ідэалагічных работнікаў, шырокага выкарыстання імі сучасных інфармацыйных тэхналогій, заклікаў больш якасна даносіць інфармацыю, цесна ўзаемадзейнічаць з грамадскімі аб’яднаннямі.
Што тычыцца друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, то, як падкрэсліў у сваім выступленні рэдактар раённай газеты “Драгічынскі веснік” Генадзь Дзяюн, змест газеты і яе афармленне — галоўнае ў барацьбе за чытача. Журналістам неабходна быць не толькі ў курсе падзей, але і новых тэндэнцый у вёрстцы, а таксама ў роўнай ступені развіваць і газетную версію, і сайт выдання.
Падчас калегіі лепшыя ідэалагічныя работнікі Брэстчыны па выніках работы за мінулы год атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Пасля заканчэння пасяджэння яго ўдзельнікі бліжэй пазнаёміліся з Тамашоўкай, наведалі Музей касманаўтыкі ў мясцовай школе і фізкультурна-спартыўны комплекс “Зорны”.
Фото Валерия Короля и Романа Мельника .



