Анатоль БЕНЗЯРУК.
Тыя, каму давялося жыць у 70-80-я гады, не дадуць схлусіць: такой папулярнасці, што меў серыял “Следства вядуць знатакі”, можа пазайздросціць любы сённяшні. Калі яго дэманстравалі, песня Марка Мінкова на словы Анатоля Гарохава “Наша служба” гучала літаральна з кожнай кватэры, дзе меўся тэлевізар. А артысты, якія сыгралі выдатных сышчыкаў Знаменскага, Томіна і Кібрыт, набылі ўсесаюзную славу.
СЕРЫЯЛ БЫЎ ЗАДУМАНЫ, каб узняць прэстыж савецкай міліцыі, і выдатна выканаў сваю задачу. Многія маладыя людзі свядома прыйшлі служыць у праваахоўныя органы пад уплывам экранных вобразаў, створаных Георгіем Мартынюком, Леанідам Канеўскім і Эльзай Ляждэй у кінастужках “пра знатакоў”.
Не дзіўна, што сённяшнія ФОТАСВЕДКІ БЫЛОГА апрануты ў міліцэйскую форму. Чорна-белыя здымкі зроблены менавіта тады — у 70-80-я гады мінулага ўжо стагоддзя.
На першым — супрацоўнікі міліцыі за працай. Адбылася аварыя, і рулеткай яны вымяраюць адлегласць, каб затым можна было зрабіць высновы пра віну ўдзельнікаў дарожна-транспартнага здарэння. Цікава, ці пазнаеце вы месца ДТЗ? Між тым, яно і цяпер, бывае, трапляе ў крымінальныя зводкі, настолькі небяспечны гэты ўчастак дарогі. Аднак пазнаць месца можа толькі той, хто памятае, што некалі ажурны плот у Жабінцы цягнуўся ўздоўж вуліцы Кірава (рэшткі яго дасюль захаваліся вакол падатковай інспекцыі). Таму аварыя, якую бачым на здымку, адбылася прыкладна насупраць сённяшняй кветкавай крамы.
На другім здымку бачым момант інструктажу з членамі дабравольнай народнай дружыны, які праводзіць участковы інспектар Яўген Лагота (бацька сённяшняга начальніка Жабінкаўскага РАУС падполкоўніка міліцыі Андрэя Лаготы).
Нарэшце, апошні здымак, зроблены ў ліпені 1984 года, паказвае, што людзі ў міліцэйскай форме маглі выконваць не толькі свае службовыя абавязкі, але й песні. У той час надзвычайнай папулярнасцю карысталіся масавыя народныя хоры. Іх стваралі не толькі з работнікаў культуры ці педагогаў, супрацоўнікаў устаноў і гаспадарак, але і з праваахоўнікаў. Фотаздымак сведчыць пра тое. Ён зроблены на гарадскім стадыёне падчас святочнага канцэрта, прымеркаванага да саракавых угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


