“І зоркі льюць цудоўнае святло”

На Стары Новы год, 14 студзеня, у ГДК ладзілася свята праваслаўнай харавой музыкі “Чароўнае святло Раства”.

Прыгожы працяг традыцыі

Святочная атмасфера была літаральна насычана адчуваннем непадробнага хараства і вялікага цуда, якія прыносіць з сабой чароўны дзень прыходу ў свет Збавіцеля Хрыста. Гэтае адчуванне пасялілася ў гледачоў і слухачоў ужо з першых хвілін, калі на сцэне закружыліся ў танцы лёгкія белакрылыя анёльчыкі з лампадкамі ў руках. Маленькія артысты – удзельнікі харэаграфічнага ансамбля “Фантазія” і выхаванцы групы ранняга творчага развіцця дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Ірыны Паўлавай – падаравалі ўсім святочны настрой, які не знікаў да апошніх нот прыгожага канцэрта.

Тут да месца зрабіць невялікі экскурс у мінулае. Па сутнасці мы сталі сведкамі адраджэння традыцый, вядомых у Мышчыцкім Свята-Пакроўскім храме з памежжа ХІХ – ХХ стагоддзяў. Іх прывіваў яшчэ заснавальнік сённяшняй царквы айцец Андрэй Міжэўскі і яго бліжнія памочнікі.

Сяло Мышчыцы даўно стала часткай Жабінкі, але мясцовыя і зараз завуць свой храм Мышчыцкім. Надзвычай добра, што жабінкаўцы захавалі не толькі гістарычную назву, але і аднаўляюць традыцыі, перарваныя ў атэістычныя часы. Першую згадку пра існаванне хору пры царкве ў імя Пакравоў Прасвятой Багародзіцы знаходзім пад 1893 годам, калі храм наведваў вышэйшы іерарх – архіепіскап Літоўскі і Віленскі Данат, якога сустракаў жаночы хор са спевам святога Дзімітрыя Растоўскага “Гора мне, грэшнаму”. А з 1910 года ў Мышчыцкай жаночай царкоўнай школе пачалі ўпрыгожваць калядную ялінку і ладзіць пад ёй сустрэчу Раства і Новага года для дзяцей са спевамі, вершамі, пачастункамі.

Сённяшні настаяцель храма, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі і сакратар Брэсцкай епархіі протаіерэй Сергій Петрусевіч заўважыў: “Усё найлепшае абавязкова вяртаецца да нас па Божай волі”, – і пажадаў святу стаць фестывалем, мець добры працяг, а яго ўдзельнікам – поспехаў у творчасці і шчасця ў жыцці.

Айцец Сергій выканаў таксама прыемную і вельмі пачэсную місію. Ён узнагародзіў пераможцаў епархіяльнага этапу конкурсу “Прыгажосць Божага свету”. Імі сталі юныя мастакі Соф’я Карабан, Дар’я Дземідзюк, Апалінарыя Міхайлеўская, Анжаліка Сіда, Анастасія Станкевіч, Святлана Хвалько і Кірыл Філіпук.

А далей зала пагрузілася ў глыбіні класічнага мастацтва, якое неслі выканаўцы. Падмосткі гарадскога Дома культуры ніколі раней не бачылі такой канцэнтрацыі харавых калектываў, якую сабраў у той суботні дзень “Чароўны свет Раства”. І кожны з артыстаў сваімі спевамі на рускай, беларускай або ўкраінскай мовах славіў найвялікшае свята, што абуджае ў людзях ўнутраную гатоўнасць да шчодрасці і дабрыні. Харавыя спевы сталі своеасаблівымі падарункамі для слыху, насычанымі эстэтычным багаццем і разнастайнасцю. Нездарма вядучыя, нагадваючы пра даўнюю традыцыю выканання калядак, абвяшчалі:

Ликует всё: душа, природа,

И хвалят Бога все народы,

И звёзды льют прекрасный свет –

Небесной радости привет!

У палоне чароўных нот

На сцэне сапраўды запальваліся зоркі-таленты. Першым адкрыць святочную праграму меў гонар хор “Пакровы”, які існуе пры галоўным жабінкаўскім храме пад кіраўніцтвам рэгента Наталлі Маркоўскай.

Мабыць, нездарма з усіх праваслаўных святаў Раство – самае “дзіцячае”, калі маленькім адводзіцца асаблівая ўвага. Бо, гушкаючы сваё дзіця, кожная маці міжволі згадвае, як тое рабіла больш за дзве тысячы гадоў таму Багародзіца. Вельмі прыхільна прымала зала самых маленькіх удзельнікаў канцэрта з хору “Вясёлыя ноткі” Жабінкаўскай ДШМ, якіх вучыць спевам Ганна Міхальчук з дапамогай канцэртмайстра Алены Казінскай.

Песенную эстафету ад юных выканаўцаў гожа падхапілі хары храма Пакроваў прасвятой Багародзіцы (рэгент Алена Петрусевіч) і “Арт-медыум” (кіраўнік Аляксандра Белая, канцэртмайстар Святлана Антановіч). Іх бездакорныя выкананні сапраўды ўзрушылі слухачоў, напоўнілі сэрцы кожнага, хто прыйшоў, каб далучыцца да прыгожага, радасцю і святлом. Увогуле, на вечарыне словы “свет”, “святло” і “свята” стаялі ўвесь час побач.

Нездарма на Раство ў кожным доме запальваюцца свечкі. Гэта сімвал самога Хрыста, які стаў паводле Евангелля Святлом міру. Свечка асвятляе чалавечы шлях, робіць жыццё больш ясным, дазваляе святлу перамагчы цемень. Пра тое ў сваіх творах распавядаў народны вакальны ансамбль “Натхненне плюс”, які ўзначальвае Наталія Пакроўская.

У чаканні Анёла

На гэтым канцэртная частка свята “Чароўны свет Раства” падышла да заканчэння, але яркія фінальныя акорды былі яшчэ наперадзе. Бо патрэбна было абавязкова аддзячыць усіх, хто падараваў жабінкаўцам свае таленты. Кожны калектыў быў уганараваны дыпломам удзельніка і, канечне, шчодрымі ўдзячнымі апладысментамі і ўсмешкамі. Каб уручыць узнагароды на сцэну ўзнялася начальнік сектара культуры райвыканкама Святлана Кузьміч. У яе было досыць слоў, каб выказаць іх не толькі выканаўцам, але і ўсім, хто дапамог, каб раённае свята праваслаўнай харавой музыкі атрымалася яркім і запамінальным.

Святлана Іванаўна шчыра падзякавала айцу Сергію Петрусевічу і арганізатару свята – дырэктару ДШМ Вользе Абрамчук. Яшчэ да пачатку канцэрта ў фае можна было пабачыць выставы карцін жабінкаўскіх і брэсцкіх мастакоў ды кніг, прысвечаных Раству Хрыстову і даўнім калядным традыцыям. Не меншы інтарэс выклікала і выступленне Тыграна Джавадзяна – кіраўніка клуба народнай творчасці “Спадчына”, што дзейнічае ў Брэсцкім гарадскім цэнтры культуры. Нездарма па выніках мерапрыемства Тыгран Ішханавіч трымаў у руках ажно два дыпломы. І вядома, нельга было не адзначыць вядучых свята духоўнай музыкі Вікторыю Міцковіч і Ілью Учаева.

І вось толькі цяпер, калі ўзнагароды, як гаворыцца, адшукалі сваіх герояў, прыйшла пара фінальнай песні. У гэтае імгненне да калектываў – удзельнікаў святочнага канцэрта – далучыліся салісты вакальнага ансамбля “Вясёлкавы мікс”.

…І загучала шматгалоса і багата, аптымістычна і вельмі ярка песня-пажаданне “Добры Анёл міру”. Будзем у спадзяванні і чаканні, што сёлета, у Год міру і стварэння, гэты Божы Пасланец нас не абміне.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Наталлі АЛЯКСЕЙЧЫК