І закружыў ліцэістаў вальс…

У гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае пасвячэнне юнакоў і дзяўчат у ліцэісты. Пасля свята дзесяцікласнікі падзяліліся ўражаннямі ад хвалюючай і радаснай падзеі.

Ульяна НОВІК, 10 “А” клас:
— У нашай установе на працягу многіх гадоў існуе цудоўная традыцыя — пасвячэнне ў ліцэісты. Да гэтага мерапрыемства мы рыхтаваліся з вялікай цікавасцю, прыдумвалі розныя канцэртныя нумары: сцэнкі, танцы, песні і жарты. Наша свята ладзілася ў гарадскім Доме культуры. Атмасфера, якая панавала падчас яго, была ўрачыстай: зала ўпрыгожана шарамі і плакатамі, ля сцэны гарэлі свечкі ў прыгожым падсвечніку, што стварала асаблівы настрой.
Урачыстасць пачалася з выхаду яе віноўнікаў — дзесяцікласнікаў. Падчас канцэрта было шмат яркіх і запамінальных нумароў. На свяце ў наш адрас гучалі словы віншаванняў і настаўленняў як ад педагогаў, так і ад гасцей. Самы трапяткі момант пасвячэння — уручэнне ліцэйскіх білетаў. Для гэтага на сцэну былі запрошаны дырэктар установы Аляксандр Рыгоравіч Паляшчук і класныя кіраўнікі. Пасля таго, як у нашых руках апынуліся запаветныя білеты, мы прамовілі клятву быць вернымі ліцэю. Усе стаялі на сцэне натхнёныя і шчаслівыя. У такі момант было прыемна ўзгадаць, што і вялікі Пушкін таксама быў калісьці ліцэістам Царскасельскага ліцэя.
Запомнілася выступленне айца Андрэя, які блаславіў нас і пажадаў пасля заканчэння ўстановы знайсці годнае прымяненне сваім ведам у роднай краіне.
Улада ЛІСКОВА, 10 “Б” клас:
— Лічу, што пасвячэнне ў ліцэісты — важная падзея ў нашым жыцці. Задоўга да пачатку цырымоніі па калідорах гарадскога Дома культуры хадзілі дзяўчаты ў элегантных сукенках, хлопцы — у строгіх касцюмах. Як усё было прыгожа і велічна! Усе з нецярпеннем чакалі пачатку святочнага канцэрта, і вось, нарэшце, на сцэне доўгачаканая дзея. Не злічыць тых яркіх запамінальных нумароў: танцаў, сцэнак, вершаў і песень. Усё было цудоўна, толькі шкада, што ўсё так хутка скончылася!
Вікторыя ДОШЧЫК, 10 “А” клас:
— Непаўторны быў на сцэне Пётр І. Яго ролю таленавіта выканаў Алег Гурскі. Вельмі ўсхвалявала песня “Родныя людзі”, якую выканалі бацька і дачка Мікалай і Ульяна Новікі.
Ірына КАВАЛЬЧУК, 10 “А” клас:
— Я думаю, што не толькі мне, але і ўсім гледачам спадабаўся і запомніўся вальс адзінаццацікласнікаў. Мы быццам пагрузіліся ў атмасферу баляў мінулых стагоддзяў. Лілася пяшчотная мелодыя, і пары кружыліся на сцэне. Пышныя сукенкі дзяўчат і строгія касцюмы юнакоў надавалі асаблівую ўрачыстасць гэтаму моманту.
Соф’я САНЮК, 10 “В” клас:
— Прыемна, што на свяце прысутнічалі не толькі ліцэісты, але і іх бацькі, сябры, знаёмыя — адным словам, усе, хто хацеў пабываць на ім. А жадаючых аказалася нямала: уся глядзельная зала Дома культуры была запоўнена гасцямі. Прысутныя з нецярпеннем чакалі выхаду галоўных герояў урачыстасці. А паглядзець было на што: дзяўчаты ў шыкоўных вячэрніх сукенках выглядалі як казачныя прынцэсы на балі. А юнакі ў строгіх парадных касцюмах — нібыта сапраўдныя джэнтльмены.
Пасля таго як дзесяцікласнікі атрымалі ліцэйскія білеты, кожны з класаў паказаў сваё прадстаўленне, дзе хлопцы і дзяўчаты расказалі пра сябе. Навучэнцы 11-х класаў і настаўніцкі калектыў выступілі з не менш цікавай праграмай. Адным словам, сумна не было нікому.
Цяпер мы афіцыйна называемся ліцэістамі. І гэта гучыць не толькі горда, але і адказна. Звычайных школьнікаў у нашай краіне тысячы, а ліцэістаў значна менш. Прыемна адчуваць сябе выбраным і на пытанне “Дзе ты вучышся?” з гонарам адказваць: “У ліцэі. Я — ліцэіст!”
Запісала Алеся ДАБРАВЕСТ.