І сёння цікавіцца справамі роднай гаспадаркі

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Анатоль Фаміч Шорах можа расказваць пра родны “калгас” гадзінамі. 15-гадовым падлеткам у 1950 годзе ён пачынаў сваю працоўную дзейнасць у арцелі “Зара”, якую складалі сяляне з Налезнікаў, дзе Анатоль Фаміч жыве і зараз, хоць нарадзіўся ў Сцяпанках. Арцелі аб’ядноўваліся ў калектыўныя гаспадаркі, мяняліся іх назвы, з цягам часу “Зара” стала “Перамогай”, а затым “Арэпічамі”.
Каля двух дзясяткаў гадоў Анатоль Фаміч рупіўся паляводам, потым быў прызначаны на пасаду брыгадзіра комплекснай брыгады, курыраваў жывёлагадоўлю і паляводства. Мяне вельмі ўразіла, што пажылы мужчына памятае імёны, імёны па бацьку і прозвішчы ўсіх старшыняў роднага калгаса, пры якіх давялося працаваць. З павагай ён прыгадаў Пятра Прохаравіча Антосенку, Андрэя Андрэевіча Мацуру, Сямёна Іванавіча Дзідэнку, Афанасія Пятровіча Марчука, Мікалая Канстанцінавіча Круцеля, Андрэя Аляксандравіча Карпука, Віктара Аляксандравіча Бакуна і Васіля Фёдаравіча Мядзведзя, пры якім Анатоль Шорах выйшаў на заслужаны адпачынак у чэрвені 1997 года. Амаль пяць дзясяткаў працоўнага стажу – такім не кожны можа пахваліцца!
За сваю шчырую самаадданую працу Анатоль Фаміч у канцы 60-х
быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, не аднойчы абіраўся дэпутатам Сцяпанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў, клапаціўся ў першую чаргу пра людзей, жыў іх інтарэсамі.
Мужчына вярнуўся ў думках у далёкія 60-я і прыгадаў, што праца тады была ручная, складаная: і сеялі, і жалі сярпамі, і бульбу садзілі ўручную. Толькі ў 80-90-я з’явілася тэхніка.
– У нашым калгасе невысокі бал пашні, у суседзяў нашмат вышэйшы, – кажа Анатоль Фаміч. – Але пры ўсім пры гэтым СВК “Арэпічы” трымаўся ў маю працоўную бытнасць моцным сярэднячком. Як вядома, работа брыгадзіра няпростая: гэта пастаянныя зносіны з людзьмі, да кожнага трэба знайсці падыход, а пад маім кіраўніцтвам працавала тады чалавек 60.
Не толькі пра работу ішла наша размова з Анатолем Фамічом. Бо тады праца спорыцца, калі дома на-дзейны тыл, там цябе чакаюць, смачнай вячэрай сустракаюць пасля няпростага будня. А стварала гэты тыл на працягу амаль шасці дзясяткаў гадоў жонка Вера Андрэеўна. Яны пазнаёміліся ў 1958-м на танцах. Як прызнаўся Анатоль Фаміч, Вера была галасістай пявунняй. Глянуліся адзін аднаму, неўзабаве пабраліся шлюбам. Усё жыццё пражылі душа ў душу, адзначылі залатое вяселле, але, на жаль, паўтара года таму гаспадыні не стала. Цяжка пажылому мужчыне аднаму ў хаце завіхацца ды на агародзе спраўляцца. Таму кожныя выхадныя да бацькі наведваюцца з Брэста сын Сяргей і дачка Валянціна з сем’ямі. Анатоль Фаміч мае трох унукаў і столькі ж праўнукаў і любіць, калі хата з іх прыездам напаўняецца гоманам і смехам.
А ў будні дом заціхае, ды і самі Налезнікі ціхія і нешматлюдныя. Анатоль Фаміч прызнаецца, што не змог бы жыць у горадзе з яго мітуснёй і шумам. Менавіта вясковы лад яму па душы.
Ветэран працы і сёння цікавіцца станам спраў у ААТ “Арэпічы”, сочыць за ходам уборачнай кампаніі, абмяркоўвае з аднавяскоўцамі сённяшнія дасягненні гаспадаркі. Таму што неабыякавасць – адна з асноўных рысаў яго характару.