І справай дапаможа, і словам абагрэе

Галіна Ундзярук працуе сацыяльным работнікам у Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кожны дзень у яе размеркаваны заранёў з улікам пажаданняў і патрэб яе падапечных. А іх у Галіны Мікалаеўны дзевяць. Гэта людзі шаноўнага ўзросту, якім неабходна дапамога.
Жанчына родам з вёскі Гарадная Столінскага раёна. Працавала спачатку даяркай у калгасе “Світанак” на Жабінкаўшчыне, потым дзевяць гадоў — санітаркай у Глыбокскай раённай бальніцы. І вось ужо дзясятак гадоў яна рупіцца сацыяльным работнікам. Не хавае: работа гэта няпростая і не кожнаму падыходзіць.
— Трэба любіць людзей, мець чулае сэрца, — лічыць Галіна Мікалаеўна. — Асабліва, калі гаворка ідзе пра пажылых, хворых і няшчасных. Зразумела, характар з узростам не паляпшаецца. Аднак у кожным чалавеку шукаю перш за ўсё добрае і шчыра намагаюся дапамагчы.
Спіс абавязкаў у сацыяльнага работніка даволі шырокі. Самыя частыя просьбы — купіць прадукты ў краме, прыгатаваць абед, прынесці дровы, ваду, прыбрацца ў хаце. Сваіх падапечных жанчына наведвае два разы на тыдзень. Навядзе парадак у хаце, запаліць у печы, пагаворыць, супакоіць. Клопатаў дадаецца вясной і восенню, калі просяць вымыць вокны.
— Цяжка вам спраўляцца з работай? — цікаўлюся ў жанчыны.
— Я вырасла ў вёсцы, так што загартоўка добрая, працы не баялася ніякай. Мне не было і года, як памёр тата. Маме давялося гадаваць нас, дзяцей, самой. Дый і сама я ўдава з трыма дзецьмі — разлічваць навучылася толькі на свае сілы. Усё жыццё працую і па-іншаму проста не ўмею, — паціскае плячыма Галіна Мікалаеўна. — Кожную раніцу пачынаю з зарадкі, на сняданак — аўсяная каша. Яна карысная і дае сілы. Абавязкова думаю пра нешта добрае, пачынаю дзень аптымістычна, каб хапіла добрага настрою і сабе, і маім бабулям- дзядулям.
Галіна Ундзярук упэўнена: га-лоўны вораг чалавека — хандра. Яна сама цяжка перанесла страту любімага чалавека, аднак змагла ўзяць сябе ў рукі і зноў адчуць смак жыцця. Таму цэняць яе не толькі як памочніцу ў бытавых справах, але і як чалавека, што можа падбадзёрыць, развесяліць трапным жартам.
“Спяшайцеся рабіць дабро” — менавіта па такім прынцыпе яна ўжо многа гадоў будуе ўзаемаадносіны з людзьмі. А яшчэ намагаецца заставацца цікавай суразмоўніцай: чытае газеты, глядзіць тэлепраграмы, каб быць у курсе падзей. Часам, адзінокаму чалавеку больш няма з кім абмеркаваць навіны, дый проста пагаманіць. Захапляльная цікавая гутарка паляпшае самаадчуванне не горш за лекі. Галіна Мікалаеўна лічыць, што няма хваробы больш самотнай, чым адзінота.
— Галіна — вельмі добры і чулы чалавек. Яна ва ўсім мне дапамагае, — расказвае доўгажыхарка з вёскі Глыбокае Аляксандра Дзям’янаўна Макушык. — Яна вельмі душэўная. Можа і добрую параду даць, і словам абагрэць. Паболей бы такіх!
— Дзякуй за дабрыню і шчырасць нашай Галіначцы!— кажа Марыя Гаўрылаўна Сарока. — Яна заўжды спяшаецца мне на дапамогу. Акуратная, ва ўсім любіць парадак, энергічная і чулая. Нам з сацыяльным работнікам пашанцавала!
Лідзія ІВАНІХІНА
Фота Святланы КІСЛАЙ