І подых бацькоўскага дома

Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота Святланы КІСЛАЙ.

Наша малая радзіма — бацькоўскі дом, дзе мы нарадзіліся, выраслі. Гэта месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, дзе ўсё знаёмае і блізкае сэрцу, роднае. Тут прачынаюцца самыя далёкія і цёплыя ўспаміны, і кожны з нас можа расказаць пра любую дробязь: вось рысачкі на сцяне — паказчык як рос сантыметр за сантыметрам, а гэта любімая цацка, з якой так хораша спалася… І душу ахоплівае лёгкі смутак аб дзяцінстве, юнацтве, маладых і дужых бацьках. У родным доме мы зноў адчуваем сябе маленькімі і шчаслівымі, абароненымі ад усіх нягод і няшчасцяў.

Як перанесці ў сваё жытло подых бацькоўскага дома, для Міхаіла і Алены Хандрыкаў з аграгарадка Ленінскі не было такой ужо простай задачай. Маладымі прыехалі яны сюды з Ганцавіцкага раёна. Атрымалі жыллё: кватэру-“хрушчоўку”.
— Два пакоі і кухня паўтара на тры метры, — распачала Алена Мікалаеўна. — Вы не ўяўляеце, як мне хацелася прасторную кухню і вялікую ванну. Не хутка, але мары мае збыліся. У 90-я гады за крэдыты сталі будаваць свой дом. Нялёгка было. Але праз 6-7 гадоў ён быў гатовы, і на пачатку новага стагоддзя мы мелі сваё жыллё.
Хандрыкі з удзячнасцю гавораць, як дапамагалі будавацца родзічы: жончыны — бацька Мікалай Рыгоравіч і браты Аляксандр, Валерый і Рыгор, а таксама і мужавы — Генадзь і Мікалай. Дзякуй Богу, сем’і вялікія, таму і дапамога значная.
У альтанцы, што выдатна ўпісалася на падворку, можна ўбачыць прадметы сялянскага побыту іх бацькоў і дзядоў. Сапраўдныя музейныя экспанаты: прас, у які закладвалася вуголле, драўляны куфэрак, жорны…
— Гэта кросны маёй бабулі, — перахоплівае мой позірк, накіраваны на наступную рэч, Міхаіл Уладзіміравіч. — А гэта дуга ад вупражы бацькавага коніка. Вось каса, якой я вучыўся касіць… Дзеці, унукі нашы змогуць на свае вочы ўбачыць ужо, напэўна, рарытэтныя рэчы, што былі ў нашым дзяцінстве і юнацтве… А для нас гэта напамін пра бацькоўскі дом, аб якім сумуе наша душа, да якога прыцягвае незразумелая сіла…
Падворак Міхаіла і Алены дагледжаны, акуратны. І калі буслы на ім як упрыгажэнне ўжо не ў навіну (ля многіх дамоў іх можна сустрэць), дык металічны стары ложак, прыстасаваны для кветак, “рацыяналізатарская” ідэя Хандрыкаў.
Ва ўсім адчуваецца,
што гаспадар любіць пафанта-зіраваць, здзівіць нечым непаўторным, адметным. Напрыклад, на падворку зроблена печ-вяндлярня, а з летняй кухні можна прайсці ў саўну і да невялічкага басейна, у якім любяць паплюхацца маленькія ўнучкі-пагодкі. У бабулі з дзядулем яны частыя госці. Балазе, старэйшая дачка Вольга і зяць Андрэй жывуць недалёка, у Ракітніцы. У прасторным доме Міхаіла і Алены Хандрыкаў месца хапае ўсёй іх вялікай радні.
Хто ўпершыню завітае сюды, убачыць перад уваходам у хату шыльдачку, якая сведчыць, што гэта дом узорнага парадку, і адпаведную грамату ў рамцы ад мясцовай улады. Але гэта заслугі ранейшыя. Сёлета іх проста трэба было замацаваць, што і было зроблена. У жніўні на свяце аграгарадка Ленінскі падворак Хандрыкаў быў названы лепшым другі год запар. А індывідуальны прадпрымальнік Ігар Самайлюк падрыхтаваў для пераможцаў конкурсу спецыяльны прыз — двухколавую тачку.