Цікавымі і разнастайнымі справамі прасякнута дзейнасць прафсаюза работнікаў АПК. Пацвярджэннем гэтаму можна лічыць паездку ў прыгожы горад Ліда, дзе сучаснасць здаўна сплялася з багатым гістарычным мінулым.
Тыдзень таму райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу правёў пашыраны прэзідыум з арганізацыяй турпаездкі ў Ліду.
Найперш удзельнікі разгледзелі і абмеркавалі пытанні, якія тычацца калектыўна-дагаварнога рэгулявання ды сацыяльных гарантый працаўнікоў, правялі дыялогавую пляцоўку на тэму “Прафсаюзы: гісторыя, традыцыі, сучаснасць”. Акрамя таго, прафсаюзы заўсёды выступаюць за пашырэнне турыстычна-экскурсійнага абслугоўвання сяброў прафесійных арганізацый. Таму наведванне Ліды стала запамінальным дапаўненнем падарожжа, удзельнікі якога не толькі абмеркавалі надзённыя пытанні, але і ў мінулыя часы “завіталі”.
Дзеля гэтага прафактыў наведаў знакаміты Лідскі замак — непаўторны помнік абарончага дойлідства, што вось ужо амаль сем стагоддзяў сцеражэ гістарычныя рубяжы беларускай зямлі. Незабыўнае адчуванне чакала кожнага, хто змог дакрануцца да старажытных муроў, прайсціся мясцінамі, якія дасюль захоўваюць подых часоў, “што ў нябыт уцяклі”.
Наступнай кропкай турыстычнай вандроўкі стаў вядомы далёка за межамі шклозавод “Нёман”. І гэтай вядомасці таксама ўжо не адно стагоддзе. У тым жабінкаўцы ўпэўніліся падчас экскурсіі па музеі шкла. Госці наведалі і сам завод, дзе пабачылі ўвесь цыкл вытворчасці. Паколькі менавіта сам працэс нараджэння вырабу са шкла найбольш уражвае многіх наведвальнікаў. Жабінкаўцы таксама адзначалі: “Вельмі цікава назіраць за тым, як выходзяць з полымя шкляныя фігуркі розных формаў і колераў”.
Апошнім прыпынкам багатага на ўражанні падарожжа стаў турыстычны комплекс “Вольны млынар”. Ён месціцца ў Лідскім раёне, арганізаваны на тэрыторыі колішняга старадаўняга фальварка, дзе часткова захаваліся ранейшыя пабудовы. Ёсць, між іншым, старажытны вадзяны млын, які не мае аналагаў ва ўсёй Беларусі.
Вядома, пасля такіх надзвычай пазнавальных экскурсій удзельнікі вандроўкі вярталіся дамоў у выдатным настроі, узбагачаныя ўражаннямі і ведамі.
Анатоль РОСТАЎ

Главные новости
